За год колькасць занятых у эканоміцы скарацілася больш чым на 23 тысячы
У эканоміцы Беларусі ў лютым 2018 года было занята 4 млн 343,8 тыс. чалавек, паведаміла прэс-служба Нацыянальнага статыстычнага камітэта.
Для параўнання: у лютым 2017 года гэты паказчык складаў 4 млн 367 тыс. чалавек. Такім чынам, за год колькасць занятых скарацілася на 23,2 тыс.
Колькасць зарэгістраваных беспрацоўных на канец лютага 2018 года склала 23,9 тыс. (у лютым 2017-га — 42,8 тыс. чалавек). Узровень зарэгістраванага беспрацоўя на канец лютага 2018 года склаў 0,5% ад колькасці працоўнай сілы (1%).
25 студзеня 2018 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 1 „Аб садзеянні занятасці насельніцтва”, у які не ўвайшлі нормы аб збіранні з працаздольных непрацуючых грамадзян збору на фiнансаванне дзяржвыдаткаў. Пры гэтым асобы, якія раней прызнаваліся плацельшчыкамі збору, вызваленыя ад яго выплаты.
У паведамленні прэс-службы прэзідэнта гаварылася, што дэкрэтам прадугледжаны „канцэптуальна іншы падыход”, накіраваны на стымуляванне працаздольных непрацуючых грамадзян да легальнай занятасці. З 1 студзеня 2019 года такія асобы будуць рабіць аплату субсідаваных дзяржавай паслуг па іх поўным кошце. Пералік паслуг даручана вызначыць ўраду.
Эксперты звязваюць зніжэнне занятасці з некалькімі фактарамі, у тым ліку з аптымізацыяй колькасці работнікаў у многіх сферах, адтокам працоўнай сілы за мяжу, а таксама дэмаграфічнымі прычынамі.
Фота sputnik.by