За III квартал уклады насельніцтва ў беларускіх банках скараціліся на 1,2 млрд рублёў



 За III квартал 2020 года тэрміновыя банкаўскія ўклады (дэпазіты) фізічных асоб у беларускіх банках зменшыліся на 1,2 млрд рублёў, або на 6,5%, і на 1 кастрычніка склалі 17,62 млрд рублёў, сведчаць звесткі аналітычнага агляду „Ведай свайго кліента”, падрыхтаванага Нацыянальным банкам.

Уклады ў нацыянальнай валюце склалі 4,68 млрд рублёў, або 26,6% ад агульнага аб’ёму ўкладаў фізічных асоб ва ўсіх відах валют (на 1 ліпеня — 27,3%), знізіліся ў параўнанні з 1 ліпеня 2020 года на 462 млн рублёў, або на 9%.

Уклады ў замежнай валюце (у рублёвым эквіваленце) склалі 12,94 млрд рублёў, або 73,4% ад агульнага аб’ёму ўкладаў фізічных асоб ва ўсіх відах валют (на 1 ліпеня — 72,7%), зменшыліся ў параўнанні з 1 ліпеня на 758 млн рублёў, або на 5,5%.

Тэрміновыя ўклады ў замежнай валюце ў доларавым выражэнні за III квартал зменшыліся на 805 млн долараў ЗША, або на 14,1%, і склалі 4,9 млрд долараў ЗША.

Адзыўныя ўклады на 1 кастрычніка 2020 года склалі 5,56 млрд рублёў, або 31,6% ад агульнага аб’ёму тэрміновых банкаўскіх укладаў фізічных асоб ва ўсіх відах валют, і зменшыліся ў параўнанні з 1 ліпеня на 753 млн рублёў, або на 11,9%.

Пры гэтым безадзыўныя ўклады склалі 12,06 млрд рублёў, або 68,4%, зменшыліся ў параўнанні з 1 ліпеня на 467 млн рублёў, або на 3,7%.

Як адзначае рэгулятар, зніжэнне аб’ёму ўкладаў адбылося пераважна за кошт укладчыкаў-жанчын, якія размясцілі грашовых сродкаў у трэцім квартале на 765,5 млн рублёў менш, чым у другім (што складае 63% ад агульнага аб’ёму зніжэння ўкладаў).

Згодна са звесткамі Нацбанка, сярэднестатыстычным беларускім укладчыкам можна лічыць жанчыну старэйшую за 55 гадоў (55,8% ад агульнага аб’ёму ўкладаў усіх жанчын), якая размясціла ў банках грашовыя сродкі на 9,89 тыс. рублёў, і мужчыну ад 26 да 60 гадоў (50,4% ад агульнага аб’ёму ўкладаў усіх мужчын), які размясціў у банках грашовыя сродкі на 11,84 тыс. рублёў.

Найбольшы аб’ём зберажэнняў насельніцтва ў банкаўскія ўклады традыцыйна размешчаны ў ААТ „ААБ Беларусбанк”: на 1 кастрычніка яго доля на дэпазітным рынку фізічных асоб склала 49,1%. Далей ідуць ААТ „Белаграпрамбанк” — 17,9%, ААТ „Банк БелВЭБ” — 5,2%, ААТ „Белінвестбанк” — 3,9%, ААТ „БПС-Ашчадбанк” — 3,6%, ААТ „Прыёрбанк” — 3,1%. На астатнія банкі прыпадае 17,2%.

У абследаванні ўзялі ўдзел 23 банкі Беларусі з 24.

belapan.by