За лішнія сумы ў жыроўках камунальнікаў будуць штрафаваць
Адміністрацыйную адказнасць для камунальнікаў за лішнія сумы ў жыроўках уводзяць у Беларусі, паведамляе партал камунальнай пісьменнасці насельніцтва.
Службовым асобам камунальных арганізацый пагражае за такое парушэнне папярэджанне або штраф да дзвюх базавых велічыняў (на сёння — 49 рублёў). Штраф пагражае за лішнія сумы не толькі ў жыроўках насельніцтва, але і арандатараў, лізінгаатрымальнікаў жылога памяшкання, чальцоў арганізацыі забудоўшчыкаў, дольшчыкаў, якія заключылі дамову, што прадугледжвае перадачу ім у валоданне i карыстанне аб’екта долевага будаўніцтва.
Аштрафаваць могуць за налічаныя ў жыроўцы сумы з перавышэннем за асноўныя і дадатковыя камунальныя паслугі. Таксама падставай для штрафу могуць стаць сумы за дадатковыя паслугі, на аказанне якіх не заключалася дамова.
Па словах юрыста Аляксандра Горбача, паўторнае парушэнне на працягу аднаго года пацягне за сабой штраф ад чатырох да дзесяці базавых велічыняў (на сёння — ад 98 да 245 рублёў).
Змены набываюць моц з 29 кастрычніка 2018 года.