За люты рэальны памер пенсій знізіўся на 0,7%



У лютым 2018 года ў адносінах да папярэдняга месяца рэальны памер пенсій знізіўся на 0,7%, за год — вырас на 0,8%, сведчаць дадзеныя Белстата.

Зніжэнне рэальнага памеру пенсіі назіраецца трэці месяц запар (у снежні — на 0,3%, студзені — на 0,8%) пасля росту ў лістападзе 2017 года на 4,3%.

Сярэдні памер пенсіі па ўзросце ў лютым 2018 года ў параўнанні са снежнем вырас на 10 капеек да 323,2 рубля.

У органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне ў студзені 2017 года на ўліку стаяла 2 млн 592,3 тыс. пенсіянераў, сярэдні памер прызначаных ім пенсій склаў 314,8 рубля (павелічэнне ў параўнанні са студзенем на 50 капеек), што ў 2,1 разу перавысіла бюджэт пражытачнага мінімуму для гэтай катэгорыі насельніцтва.

Сярэдні памер пенсіі па інваліднасці склаў 291,3 рубля (на 2,1 рубля больш, чым у студзені), у сувязі са стратай карміцеля — 221,1 (+3 рублі), сацыяльных пенсій — 184,9 (+1,4 рубля).

1 лістапада 2017 года пенсіі былі павышаныя ў сярэднім на 5%. Указ прэзідэнта № 377 „Аб павышэнні пенсій” ад 17 кастрычніка прадугледжваў пераразлік працоўных пенсій у сувязі з ростам сярэдняй заработнай платы ў краіне. Пенсіі скарэкціраваныя зыходзячы з сярэдняй заработнай платы работнікаў, прымененай пры папярэднім пераразліку пенсій.

Працоўныя і сацыяльныя пенсіі у 2018 годзе павінны вырасці на 12%. Гэта прадугледжана бюджэтам Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

1 лютага 2018 года павялічаныя мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі. Мінімальны памер пенсіі па ўзросце складае 181,94 рубля, сацыяльных — 219,25, даплаты да пенсій асобам, якія дасягнулі 75 гадоў, — 37,37; 80 гадоў — 49,83. Надбаўкі да пенсій інвалідам I групы складаюць 49,83 рубля, дапамогі па догляду — 199,32 (інваліда I групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту, пры доглядзе адной асобы) і 239,18 рубля (пры доглядзе дзвюх і больш асоб).  БелаПАН