За месяц беларусы набралі пазыкаў больш як на мільярд рублёў



У студзені-ліпені сёлета банкі выдалі беларусам крэдытаў на 7 Br млрд.

У асноўным грамадзяне бяруць грошы на спажывецкія патрэбы (напрыклад, на смартфоны, лядоўні і аўтамабілі), пры гэтым павялічваецца сума крэдытаў на нерухомасць, паведамляецца ў свежым статыстычным аглядзе Нацыянальнага банка. Пры гэтым самі крэдыты таннеюць разам з падзеннем стаўкі рэфінансавання. Нацбанк з 23 студзеня паступова знізіў яе з 12% да 9,5%, піша belsat.eu.

Агулам крэдытная запазычанасць беларусаў сёлета вырасла на 9% і складае цяпер 18,5 мільярдаў. З іх 68 % – гэта крэдыты на нерухомасць.

Падатковая правяла “кантрольную закупку” месца ў чарзе на мяжы

Падатковая інспекцыя правяла “кантрольную закупку” ў чарзе на мяжы, паведамляе прэс-служба Міністэрства па падатках і зборах. У сувязі з тым, што чэргі на выезд з Беларусі цяпер вялікія, некаторыя прадпрымальныя людзі сталі займаць месца, каб потым прадаць яго.

Жыхар Берасцейскага раёна ў тэлеграм-канале прапаноўваў месца ў чарзе на пункт мытнага афармлення “Варшаўскі мост”. Падчас кантрольнай закупкі ён ацаніў сваю паслугу ў 100 рублёў.

За незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць яму выставілі да выплаты адзіны падатак у памеры 3400 рублёў. На першы раз мужчына атрымаў толькі пісьмовае папярэджанне пра адміністрацыйную адказнасць.

Stadler гатовы перазапусціць вытворчасць у Беларусі пасля адмены санкцый

Швейцарскі вытворца рухомага саставу для чыгунак Stadler гатовы перазапусціць свой завод у Беларусі пасля адмены санкцый. Пра гэта гаворыцца ў паўгадавой справаздачы кампаніі. На дакумент звярнуў увагу рэсурс Reform.by.

У справаздачы гаворыцца, што вайна Расеі супраць Украіны і звязаныя з ёй санкцыі супраць Беларусі працягваюць уплываць на Stadler і завод у Фаніпалі. Але завод вырашана захаваць і зноў адкрыць яго, як толькі санкцыі будуць знятыя. Прыводзяцца наступныя абгрунтаванні: вельмі добрая сітуацыя з замовамі, высокая загрузка магутнасцяў іншых прадпрыемстваў групы, а таксама высокі ўзровень кваліфікацыі і якасці, прапанаваных Фаніпалем з пункту гледжання дададзенага кошту.

У справаздачы таксама гаворыцца, што прадпрыемства працягвае аказваць паслугі па вытворчасці кузаваў і камплектуючых, а таксама інжынірынгавыя паслугі. Пры гэтым усе санкцыі строга выконваюцца.

На Берасцейшчыне кіраўнікам могуць абмяжоўваць выезд за мяжу

У Берасцейскай вобласці перасталі выпускаць за мяжу кіраўніцтва прадпрыемстваў, дзе ёсць запазычанасць па зарплаце, паведамляе Генпракуратура.

Судовыя выканаўцы з ініцыятывы пракурораў накіроўваюць у суды прадстаўленні для часовага абмежавання выезду. Сёлета такія меры прынялі ўжо да 11 службовых асоб і заснавальнікаў арганізацый-даўжнікоў. Пасля пагашэння запазычанасці па заробках забарону здымаюць.

Агулам у вобласці сёлета было вынесена 30 прадпісанняў аб ліквідацыі запазычанасці па заробках. У выніку 670 работнікам выплацілі больш за 1,1 мільён рублёў. Акрамя таго пачалі чатыры крымінальныя справы, ініцыявалі прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці 31 службовай асобы.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: realt.by