За паўгода эканоміка Беларусі згубіла Слуцк
Белстат паказаў новую інфармацыю па працоўнай занятасці ў Беларусі. Як любую іншую статыстыку, яе можна паказаць «прыгожа», а можна паглядзець праўдзе ў вочы. Тэлеграм-канал «Нашы грошы» робіць гэта адразу двума спосабамі — каб было зразумела, у чым паміж імі розніца.
Такім чынам, «прыгожа»: зніжэнне занятасці на беларускім рынку працы замарудзілася. Гэта значыць, што ў ліпені занятасць, як розніца прынятых і звольненых, знізілася ўсяго на 3347 чалавек, у той час як у чэрвені лічба была значна вышэй — тады сышло на 11471 чалавека больш, чым прыйшло. У траўні сітуацыя была яшчэ горш: мінус 16767 працоўных месцаў.
Паглядзеўшы на гэтую статыстыку, мы можам канстатаваць: сапраўды, зніжэнне занятасці замарудзілася, мы ўсё яшчэ ляцім уніз, але ўжо не так хутка! Добрая навіна? На фоне многіх іншых, якія тычацца беларускай эканомікі, яна можа прагучаць як нядрэнная.
Увогуле ж, гэта адзіны і вельмі павярхоўны «пазітыў». А цяпер паглядзім, што адбываецца рэальна і паспрабуем сапраўды разабрацца, што ёсць.
Агульная карціна наступная: за 7 месяцаў беларуская эканоміка звольніла на 58700 больш людзей, чым прыняла на працу. Па колькасці насельніцтва гэта прыкладна такі горад, як Слуцк.
І вось гэта ўжо — пагрозлівая лічба, асабліва з улікам «поспехаў» мінулых гадоў. Для параўнання: за аналагічны перыяд пандэмійнага 2021 года мы таксама сышлі ў мінус на 49,9 тысяч чалавек, у пандэмійным 2020-м — мінус 38,4 тысяч чалавек. Выходзіць, людзей, занятых у беларускай эканоміцы, з кожным годам становіцца ўсё менш, прычым хуткасць адтоку ўсё павялічваецца.
Але чаму адток рабочых рук зменшыўся ў ліпені? Справа ў тым, што ўлетку вырасла колькасць сезонных вакансій у сельскай гаспадарцы (прынята на 3,5 тысяч чалавек больш, чым звольнена). Лагічна выцякае з папярэдняга, што на тысячу новых працоўных месцаў вырас і рынак працы ў сферы вытворчасці прадуктаў харчавання (бо сабраны ўраджай трэба перапрацаваць). І, нарэшце, па ланцужку, дадаў крыху і гандаль, праўда — усяго на 42 чалавекі, але ўлічвайце, што месяцам раней гандаль страціў каля 3,4 тысяч чалавек!
Тут вельмі важна разумець, што ў значнай меры гэта — часовыя працоўныя месцы, якія будуць актуальныя яшчэ пару месяцаў і знікнуць да наступнай «вялікай бітвы за ўраджай».
Акрамя таго, плюс паказала прамысловасць, яна ў ліпені наняла на 247 чалавек больш, чым звольніла. Але гэта таксама сезоннасць — у летні перыяд гэтая сфера традыцыйна больш набірае працоўных, чым звальняе. Важна не цешыць сябе і трымаць у галаве: са студзеня гэтага года прамысловасць страціла ўжо больш за 10 тысяч чалавек.
А дзе ў апошнія месяцы людзі часцей за ўсё гублялі працу? Спад не толькі працягваецца, але і ўзмацняецца ў транспартнай сферы, дзе за ліпень звольнена на тысячу чалавек больш, чым прынята.
Працягваецца падзенне ў сферы ІТ — за ліпень яна страціла яшчэ 2095 чалавек.
Улічваючы, што сярэднестатыстычны айцішнік атрымлівае ў 3,8 разоў больш, чым сярэднестатыстычны беларус, гэта — адчувальныя страты для эканомікі. Грошы, якія прадстаўнікі гэтай сферы выдаткоўвалі ў краіне, прасочваліся ў эканоміку і кармілі многія іншыя кірункі.
Усяго за бягучы год сектар IT страціў больш за 10 тысяч чалавек, што супастаўна з беларускім штатам такой кампаніі як EPAM або ў некалькі разоў перавышае кампанію ўзроўню Wargaming. І гэта ў два разы больш, чым рост колькасці супрацоўнікаў IT сферы за апошнія два гады, калі лічыць розніцу прынятых і звольненых.
Бачны адток па выніках сямі месяцаў і ў такіх важных з сацыяльнага пункту гледжання галінах, як адукацыя (мінус 2192 чалавекі) і ахова здароўя (мінус 1764 чалавекі). Але, дзеля справядлівасці, варта адзначыць, што летам і восенню шэрагі медыкаў і педагогаў папаўняюць выпускнікі ВНУ, таму рэальную карціну мы ўбачым пазней.
Працягваецца «адмоўны рост» і ў сферы будаўніцтва. Так, звольненых у ліпені ўсяго на 102 чалавекі больш, чым прынятых (у чэрвені гэты мінус быў на парадак вышэйшы — мінус 1054 чалавекі). Але важна разумець, што ёсць вельмі сумная тэндэнцыя: з жніўня 2020-га года не было ні аднаго месяца, калі набор працоўных у галіне перавысіў бы звальненне…