За рысай беднасці



Больш за 77 тысяч беларусаў жывуць за рысай беднасці і атрымліваюць дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу. Яе памер складае прыкладна 15 даляраў, у той час як сума адначасовых  выплатаў – у сярэднім 50 даляраў. Асноўнымі атрымальнікамі дапамогі з’яўляюцца  шматдзетныя і няпоўныя сем’і, а таксама людзі сталага ўзросту, якіх у Беларусі, паводле Яніны Ладышавай  з Навукова-даследчага інстытута працы, з кожным годам усё больш:

– У звязку з тым, што працягласць жыцця людзей павялічваецца, расце колькасць людзей сталага веку, якія перайшлі мяжу ў 80 гадоў. Што гэта значыць? У людзей у гэтым узросце пачынаюцца хваробы, якія суправаджаюць сталы век чалавека. Для людзей 80 гадоў і больш важны дагляд. А ён вельмі дарагі, бо патрэбны спецыяльныя сродкі. І ўсё гэта вельмі шмат каштуе.

Пасля ўвядзення закона “Аб дармаедах” катэгорыю атрымальнікаў сацыяльнай дапамогі істотна папоўнілі беспрацоўныя: іх колькасць у параўнанні з мінулым годам падвысілася амаль удвая. Сёлета за першы квартал дзяржава выдаткавала на сацыяльную дапамогу больш за восем мільёнаў даляраў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня