За студзень афіцыйных беспрацоўных стала на 4,6 тыс. больш
У студзені ў Беларусі вырасла колькасць афіцыйных беспрацоўных. На пачатак лютага непрацаўладкаванымі лічыліся 39,9 тысяч чалавек, або 0,9% ад эканамічна актыўнага насельніцтва, паведамляе Мінпрацы. Гэта на 4,6 тысячы чалавек больш, чым на пачатак студзеня. Да гэтага колькасць беспрацоўных падала з траўня мінулага года.
За студзень у цэнтрах занятасці зарэгістраваліся 15,9 тысяч беспрацоўных (год таму – 15 тысяч).
На кожнага непрацаўладкаванага ў студзені прыпадала ў сярэднім адна вакансія. У некаторых рэгіёнах заявак ад наймальнікаў больш, чым жадаючых знайсці працу. Да прыкладу, у Гарадзенскай вобласці на адну вакансію прэтэндуе 0,8 беспрацоўных, у Магілёўскай – 0,9, а ў Менску – 0,6.
Колькасць вакансій за студзень у службах занятасці павялічылася да 39,3 тысячы. Гэта на 3,3 тысячы больш, чым на пачатак года. Для працоўных было 49,2% ад агульнай колькасці вакансій (год таму – 49,1%).
Навучанне праз цэнтры занятасці ў студзені прайшлі 308 чалавек. На новае месца жыхарства ў мінулым месяцы перасяліліся 5 беспрацоўных сем’яў.