За студзень – лістапад золатавалютныя рэзервы скараціліся на 2 млрд долараў



Золатавалютныя рэзервы Беларусі на 1 снежня 2020 года склалі 7 млрд 376,3 млн долараў ЗША ў эквіваленце і скараціліся з пачатку года на 2 млрд 17,3 млн долараў, або на 21,5%.

„За лістапад 2020 года золатавалютныя рэзервы знізіліся на 109,2 млн долараў ЗША (на 1,5%) пасля росту ў кастрычніку на 164,2 млн долараў ЗША (на 2,2%)”, — паведамляе Нацыянальны банк.

У лістападзе 2020 года, удакладняе рэгулятар, урадам выканана знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце прыкладна на 388 млн долараў ЗША.

Падтрыманню роўню золатавалютных рэзерваў у лістападзе спрыялі купля Нацбанкам замежнай валюты на ўнутраным рынку, а таксама паступленне замежнай валюты ў бюджэт.

Рэгулятар нагадвае, што згодна з асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі рэзервы на 1 студзеня 2021 года павінны скласці не менш за 7,3 млрд долараў ЗША.

На 1 студзеня золатавалютныя рэзервы Беларусі складалі 9 млрд 393,5 млн долараў. Сёлета рэзервы двойчы істотна зніжаліся: у сакавіку — на 1 млрд 18,4 млн долараў, у жніўні — на 1 млрд 399,8 млн.

Зніжэнне рэзерваў было абумоўленае ростам дэвальвацыйных чаканняў, якія, на думку эканамістаў, у сакавіку былі выкліканыя пандэміяй, а ў жніўні — палітычным крызісам. Істотнае павелічэнне рэзерваў назіралася толькі ў чэрвені — дзякуючы продажу еўрабондаў рэзервы Беларусі за першы летні месяц павялічыліся на 916,3 млн долараў.

У кастрычніку ўлады, калі разлічваліся па даўгах за газ, прыцягнулі крэдыт Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця на 500 млн долараў, што таксама дазволіла крыху павялічыць золатавалютныя рэзервы.

Для недапушчэння скарачэння рэзерваў і зніжэння націску на валютны рынак ва ўмовах палітычнага крызісу Нацбанк абмежаваў у трэцяй дэкадзе жніўня даванне рублёвай ліквіднасці камерцыйным банкам, што пацягнула скарачэнне рублёвага крэдытавання насельніцтва. Абмежаванні па даванні рублёвай ліквіднасці камерцыйным банкам Нацбанк працягнуў да 19 студзеня.

belapan.by