За студзень рэальны памер пенсій знізіўся на 0,8%



У студзені 2018 года ў дачыненні да папярэдняга месяца рэальны памер пенсій знізіўся на 0,8%, за год — вырас на 1,3%.

Зніжэнне рэальнага памеру пенсіі назіраецца другі месяц запар (у снежні — на 0,3%), пасля росту ў лістападзе 2017 года на 4,3%.

Сярэдні памер пенсіі па ўзросце ў студзені 2018 года ў параўнанні са снежнем не змяніўся і склаў 323,1 рубля, сведчаць дадзеныя статыстыкі.

У органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне ў студзені 2017 года на ўліку стаяла 2 млн 593,7 тыс. пенсіянераў, сярэдні памер прызначаных ім пенсій склаў 314,3 рубля (памяншэнне ў параўнанні з лістападам таксама на 40 капеек), што ў 2,1 разу перавысіла бюджэт пражытачнага мінімуму для гэтай катэгорыі насельніцтва. Сярэдні памер пенсіі па інваліднасці склаў 289,2 рубля (на ўзроўні снежня), у сувязі са стратай карміцеля — 218,1 (без змяненняў), сацыяльных пенсій — 183,5 (без змяненняў).

1 лістапада 2017 года пенсіі былі павышаны ў сярэднім на 5%. Указ прэзідэнта № 377 „Аб павышэнні пенсій” ад 17 кастрычніка прадугледжваў пераразлік працоўных пенсій у сувязі з ростам сярэдняй заработнай платы ў краіне. Пенсіі скарэкціраваны зыходзячы з сярэдняй заработнай платы работнікаў, прымененай пры папярэднім пераразліку пенсій.

Працоўныя і сацыяльныя пенсіі ў 2018 годзе павінны вырасці на 12%. Гэта прадугледжана бюджэтам Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

Нагадаем 1 лютага 2017 года ў Беларусі павялічаны памеры мінімальных працоўных і сацыяльных пенсій. Мінімальны памер пенсіі па ўзросце складае 181,94 рубля, сацыяльных — 219,25, даплаты да пенсій асобам, якія дасягнулі 75 гадоў, — 37,37, 80 гадоў — 49,83. Надбаўкі да пенсій інвалідам I групы складаюць 49,83 рубля, дапамогі па доглядзе — 199,32 (інваліда I групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту, пры доглядзе адной асобы) і 239,18 рубля (пры доглядзе дзвюх і больш асоб).

belapan.by