За студзень ЗВР Беларусі скараціліся на 840 млн долараў



За студзень 2018 года золатавалютныя рэзервы Беларусі знізіліся на 837,9 млн долараў ЗША (на 11,5%) і на 1 лютага, паводле папярэдніх звестак, склалі 6 млрд 477,4 млн долараў ЗША, паведамляе Нацыянальны банк.

Як растлумачылі ва ўпраўленні інфармацыі галоўнага банка краіны, зніжэнне ўзроўню ЗВР паводле вынікаў студзеня абумоўленае планавым пагашэннем урадам і Нацыянальным банкам знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце прыкладна на 1,4 млрд долараў ЗША, з якіх 835,8 млн долараў ЗША склалі абавязацельствы Рэспублікі Беларусь па дзяржаўных аблігацыях, размешчаных на міжнародным фінансавым рынку.

Як перадаваў БелаПАН, у студзені Беларусь пагасіла выпуск еўрааблігацый 2011 года. „22 студзеня 2018 года адначасова з апошняй выплатай купоннага даходу на суму 35,8 млн долараў ЗША Міністэрства фінансаў накіравала сродкі плацежнаму агенту (Deutsche Bank AG, London) на пагашэнне выпуску дзяржаўных аблігацый, размешчаных на міжнародным фінансавым рынку 26 студзеня 2011 года, на суму 800 млн долараў ЗША”, — паведаміла фінансавае ведамства.

У цэлым на пагашэнне і абслугоўванне знешняга дзяржаўнага доўгу Беларусь у 2018 годзе павінна накіраваць 3,1 млрд долараў. Асноўныя выплаты звязаныя з валютнымі абавязацельствамі перад Расеяй і інвестарамі, якія раней купілі беларускія еўрабонды.

БелаПАН