За восем месяцаў 2021 года афіцыйны курс даляра да рубля знізіўся на 2,8%
У студзені—жніўні 2021 года афіцыйны курс даляра да беларускага рубля знізіўся на 2,79% (з 2,5789 да 2,5069). Гэта чацвёрты паказчык на тэрыторыі былога СССР, сведчыць праведзены БелаПАН параўнальны аналіз каціровак цэнтрабанкаў на 31 снежня 2020 года і 31 жніўня 2021-га.
На першай пазіцыі Арменія, дзе даляр патаннеў на 5,64% (з 522,59 да 493,12 драма), на другой — Украіна — 5,00% (з 28,2746 да 26,8601 грыўны), на трэцім — Грузія — 4,87% (з 3,2766 да 3,1170 лары).
На пятым месцы Расея — там курс знізіўся на 0,41% (з 73,8757 да 73,5744 рубля).
У Азербайджане і Туркменістане афіцыйны курс даляра не змяніўся (1,7 і 3,5 маната адпаведна).
У астатніх краінах на тэрыторыі былога СССР амерыканская валюта падаражэла: у Таджыкістане — на 0,23% (з 11,3 да 11,3265 самоні), Казахстане — на 1,20% (з 420,71 да 425,74 тэнге), Узбекістане — на 1,68% (з 10.476,92 да 10.653,18 сума), Кыргызстане — на 2,48% (з 82,6498 да 84,7 сома), Малдове — на 2,82% (з 17,2146 да 17,6992 лея), Латвіі, Літве і Эстоніі — на 3,69% (з 0,8149 да 0,8450 еўра).
У самаабвешчаным Прыднястроўі, якое мае ўласную фінансавую сістэму, курс амерыканскай валюты ў студзені—жніўні не змяніўся (16,1 рубля).
У жніўні даляр у Беларусі падаражэў на 0,29% — сёмы паказчык пасля Арменіі (+1,41%), Расеі (0,60%), Латвіі, Літвы, Эстоніі (+0,48%) і Казахстана (+0,31%). Далей — Узбекістан (+0,27%) і Таджыкістан (+0,04%).
Не змяніліся курсы ў Азербайджане і Туркменістане, знізіліся — у Кыргызстане (на 0,07%), ва Украіне (на 0,10%), у Грузіі (на 0,24%) і Малдове (на 1,25%).
У студзені—жніўні 2020 года афіцыйны курс даляра ў Беларусі вырас на 26,60% — першае месца на тэрыторыі былога СССР, за год — на 22,59% (таксама першае).
У 2019 годзе адзначалася аслабленне даляра да беларускага рубля — на 2,60% (трэцяе месца). Па выніках 2018 года Беларусь заняла трэцяе месца па росце афіцыйнага курсу даляра да нацыянальнай валюты (на 9,48%), у 2017-м — чацвёртае (на 0,73%), у 2016-м — шостае (на 5,47%), у 2015-м і 2014-м — трэцяе (адпаведна на 56,70 і 24,61%), у 2013-м — другое (на 10,97%), у 2012-м — чацвёртае (на 2,63%), у 2011-м — першае (на 178,33%), у 2010-м — сёмае на 4, 79%), у 2009-м — першае (на 30, 14%).
БелаПАН