За які заробак украінцы гатовыя працаваць у РБ?



Чарнігаўская вобласць лічыцца ва Украіне дэпрэсіўным рэгіёнам. Вялікіх прыбытковых прадпрыемстваў тут вобмаль, сельская гаспадарка занядбаная. Сярэдняя зарплата – каля 200 даляраў. Кожны дваццаты чарнігаўчанін – беспрацоўны. Датаго ж, у горадзе багата ўцекачоў з Усходу, якія таксама прэтэндуюць на працоўныя месцы.

У такіх умовах суседняя Беларусь становіцца ці не самым прывабным варыянтам працаўладкавання. Украінцы шукаюць працу ў Беларусі на ўласную рызыку, ці звяртаюцца ў рэкрутынгавыя фірмы.

За якую зарплату ўкраінцы згодныя працаваць у нашай краіне? На што наракаюць беларускія працадаўцы? Што чарнігаўцам падабаецца ў нашай краіне, а што – не надта?

Пашпарт

Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з Ганнай, супрацоўніцай рэкрутынгавай фірмы, якая і працаўладкоўвае ўкраінцаў у Беларусі.

Ганна, супрацоўнік рэкрутынгавай фірмы: У Чарнігаве, як і па ўсёй Украіне, багата кваліфікаваных кадраў, якія не могуць уладкавацца на працу. Мы і дапамагаем такім людям знайсці працу ў Беларусі.

РР: А які механізм працаўладкавання? Адкуль у вас бяруцца вакансіі?

Ганна, супрацоўнік рэкрутынгавай фірмы: У нас ёсць партнёры ў Беларусі. Яны збіраюць інфармацыю – каму і якія кадры патрэбныя, на які тэрмін, з якімі канкрэтна зарплатамі.

РР: То бок, атрымліваецца, што ваша фірма – гэткі “сток”: украінцам прапануюцца тыя пасады і тыя зарплаты, ад якіх самі беларусы адмаўляюцца?

Ганна, супрацоўнік рэкрутынгавай фірмы: Ну, мы не можам ведаць, наколькі тая пасада ці тая зарплата ў Беларусмі незапатрабаваныя. Нам проста скідаюць спісы вакансій, а мы падбіраем людзей адпаведна гэтаму спісу.

РР: Якія спецыяльнасці цяпер найбольш запатрабаваныя?

Ганна, супрацоўнік рэкрутынгавай фірмы: Пераважна, будаўнічыя… Вось, напрыклад, свежая зводка за студзень: муляры, электрагазазваршчыкі, тынкоўшчыкі, кіроўны на розны транспарт. Таксама ёсць вакансіі кухараў і хатняй прыслугі.

РР: А якія зарплаты прапануюць цяпер украінцам у Беларусі?

Ганна, супрацоўнік рэкрутынгавай фірмы: Тут “нажніцы” даволі вялікія, нейкага адзінага стандарта няма. Розныя фірмы могуць прапаноўваць за адну і туж пасаду розныя грошы. З таго, што ёсць сёння – глядзіце самі. Кіроўца на ЗіЛ – пяць міліёнаў беларускіх рублёў. Бетоншчык – сем з паловай міліёнаў. Кіроўца аўтапагрузчыка на склад – пяць міліёнаў. Кухар у сталовай – чатыры з паловай міліёны.

РР: Але ж для Беларусі гэта суадносна невялікія грошы. У Гомелі за тры-чатыры міліёны беларускіх рублёў пражыць даволі праблематычна…

Ганна, супрацоўнік рэкрутынгавай фірмы: Можа, у вас у Беларусі гэта сапраўды невялікія грошы, але ж сем міліёнаў беларускіх рублёў для бетоншчыка – гэта амаль восем з паловай тысяч грыўняў. У Чарнігаве мала хто атрымлівае такія грошы на будаўніцтве. Калі перавесці беларускую зарплату сталоўскага кухара ў нашу, атрымліваецца чатыры з паловай тысячы грыўняў. Столькі ў нас зарабляе кухар у рэстарацыі.

РР: А як аплачваюцца вашыя паслугі?

Ганна, супрацоўнік рэкрутынгавай фірмы: Усё абсалютна законна. З намі падпісваюць дамову і працадаўцы, якія шукаюць кваліфікаваныя кадры, і той, хто працаўладкоўваецца праз нас. За пасярэдніцтва мы атрымліваем пэўны адсотак.

РР: Прабачце, але асабіста мне гэта крыху нагадвае гандль рабамі…

Ганна, супрацоўнік рэкрутынгавай фірмы: Ніхто нікога не прымушае ісці на тую ці іншыю працу. Працы мала – так што пахадзі па базару, пашукай што-небудзь лепшае самастойна…

РР: Ці здараюцца нейкія рэкламацыі ад беларускіх працадаўцаў на тыя кадры, якія вы падбіраеца ва Украіне?

Ганна, супрацоўнік рэкрутынгавай фірмы: Шчыра кажучы, здараецца і такое. Вось, напрыклад, уладкавалі на працу аднаго ўцекача з Данбаса. Ужо так прасіў, каб мы яму якую працу падабралі! Уладкавалі кіроўцам аўтапагрузчыка. І ўжо праз тыдзень прыйшла скарга: піячыць на працы. Так што яго адразу з працы выгналі. З тых часоў аддаем перавагу нашым, мясцовым.

РР: Дзе ў Беларусі жывуць тыя ўкраінцы, якія ўсё ж уладкаваліся на працу ў нашай краіне?

Ганна, супрацоўнік рэкрутынгавай фірмы: Так званы “стандартны варыянт” – гэта інтэрнат. Такое жытло ім дае працадаўца. Гэта, між іншым, заўсёды прапісваецца ў дамове, так што без начлегаў ніхто не застаецца. Бывае, што партрабуецца цэлая брыгада будаўнікоў прыватнага дома ці катэджа. Тады гэтыя людзі жывуць, так бы мовіць, “на працоўным месцы”, то бок у адбудаваных пакоях. Ці, што найчасцей – у адмысловых будаўнічых вагончыках.

РР: А дзе тыя будаўнікі харчуюцца?

Ганна, супрацоўнік рэкрутынгавай фірмы: Бывае, што гаспадары будаўніцтва арганізоўваюць перасоўны пункт харчавання проста на месцы. Але за гэта моцна вылічваюць з заробкаў. Так што выгадней набіраць з сабой “сухпаёк” проста з Украіны, тым больш, што будаўнікі звычайна харчуюцца “у складчыну”. Макароны, тушонка, сала, гарбата, цукар – усё вязецца адсюль, бо ва Ўкраіне гэта танней. Дзіўна: ва Ўкраіне – крызіс і вайна, у Беларусі – стабільнасць. Але ж у нас кошты ўсё адно ніжэшыя. Як гэта растлумачыць, я не ведаю.

РР: То бок атрымліваецца, што калі ўкраінскія будаўнікі набіраюць харчы з сабою, то яны працуюць вахтавым метадам?

Ганна, супрацоўнік рэкрутынгавай фірмы: Практычна так працуе пад 90 % будаўнікоў. На выходныя і святы ўсе яны звычайна вяртаўцца ў сем’і. Бо адна справа – працаваць у Беларусі, ашчаджаць грошы і прывозіць іх ва Ўкраіну, а зусім іншая – жыць на беларускую зарплату ў самой Беларусі. То бок, купляць па беларускіх коштах харчы, аплачваць транспарт, “камуналку” і гэтак далей…

Фірмы, якія працаўладкоўваюць украінцаў у Беларусі, ёсць таксама ў Роўна, Луцку і ў Жытоміры.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя