Забарона на Nivea



Міністэрства аховы здароўя часова забараніла ўвозіць і прадаваць у Беларусі некаторую прадукцыю Nivea. Раней паўсталі прэтэнзіі да кампаніі Škoda, нібыта ў прадукцыі ёсць пэўныя неадпаведнасці. Але гэтыя забароны і прэтэнзіі далёка не выпадковыя.

Касметычная прадукцыя кампаніі Nivea, мяркую, знаёмая большасці з нас. Калі самі не карыстаемся, то дакладна пра яе ведаем і бачым на паліцах крамаў у розных краінах свету. Але ў Беларусі ў NIVEA – гандлёвай маркі, якая належыць нямецкай кампаніі Beiersdorf AG, пачаліся праблемы. Раптам аказалася, што асобныя найменні парфюмерна-касметычнай прадукцыі Nivea, парушаюць санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні. У прыватнасці, прадукцыя не мае патрэбных дакументаў па бяспецы і якасці, а маркіроўка асобных найменняў тавараў не адпавядае рэгламенту “Мытнага саюза”. У сувязі з гэтым намеснік міністра аховы здароўя Аляксандр Тарасенка падпісаў пастанову, якая забараняе ўвозіць і распаўсюджваць у Беларусі гэтую прадукцыю. Пакуль гаворка ідзе пра часовую забарону. І ўсё б нічога, звычайны спажывец мог бы падумаць, што і вядомыя маркі могуць мець тыя ці іншыя праблемы, каб не адзін факт. Прэтэнзіі да Nivea пачаліся акурат пасля таго, як у студзені кампанія адмовілася спансіраваць чэмпіянат свету па хакеі ў выпадку, калі ён пройдзе ў Беларусі. У Nivea палічылі, што Беларусь цяпер не месца для чэмпіянату з прычыны палітычнай сітуацыі ў краіне і парушэння правоў чалавека. Улады Беларусі адказалі як умелі, а добра ўмеюць яны забараняць. Але далей за ўсіх пайшоў дэпутат так званай “Палаты прадстаўнікоў” Віталь Уткін, які ў эфіры тэлеканала СТВ заявіў, што такім чынам немцы помсцяць нашчадкам пераможцаў Другой сусветнай вайны за тое, што “нашы дзяды паднялі сцяг над Рэйхстагам”. Гэтымі словамі ён здзівіў нават вядучага дзяржаўнага канала. “Як глыбока вы капнулі”, – заўважыў ён, на што дэпутат Уткін адказаў, што ёсць шмат доказаў яго слоў дый увогуле прыгадаў, што Škoda і Nivea ў сваім мінулым працавалі на Вермахт.

Дарэчы, гандлёвая марка Nivea ў сваім рашэнні не спансаваць чэмпіянат па хакеі ў Беларусі, не была адзінай. Такое ж рашэнне прынялі кампаніі Liqui Moly, Škoda і Tissot. Чакана і ў якіх пачаліся праблемы. У сакавіку беларускі дылер Škoda прыпыніў продаж мадэлі Rapid на патрабаванне Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, які ў мадэлі знайшоў нейкія неадпаведнасці. А дыстрыб’ютар LIQUI MOLY у Беларусі разарваў кантракт з гэтым брэндам, маўляў, далейшае супрацоўніцтва немагчымае па відавочных для ўсіх прычынах. Дадам, што LIQUI MOLY – гэта вядомы нямецкі вытворца аўтамабільнага алею і змазачных матэрыялаў.

Чэмпіянат свету па хакеі з Беларусі ў выніку перанеслі, ён пройдзе сёлета ў Рызе. Беларусам жа ўлады прапануюць карыстацца таварамі айчыннай вытворчасці. Маўляў, не патрэбныя нам Nivea і Škoda, мы і “самі з вусамі”.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: belmarket.by