Замест Еўразвязу – Афрыка
Афрыканскі кантынент ва ўмовах санкцый становіцца адным з найважнейшых для беларускай прамысловасці. Пра гэта тэлеканалу “Беларусь 1” расказаў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Пётр Пархомчык. Паводле віцэ-прэм’ера, стратэгія выхаду беларускіх прадпрыемстваў на рынкі афрыканскіх краін уключае ў сябе не толькі пастаўку тавараў або тэхнікі, але і навучанне мясцовых спецыялістаў, стварэнне сэрвіснай сеткі.
Пахомчык распавёў, што адным з самых паспяховых беларускіх кейсаў у Афрыцы з’яўляецца Зімбабвэ. З гэтай краінай падпісаны кантракты на пастаўку 131 пажарнай машыны, 3161 трактара і 80 камбайнаў. У Зімбабвэ, а таксама ў ПАР, Анголе, Алжыры працуе айчынная кар’ерная тэхніка. Даўно ідуць пастаўкі ў Егіпет. Верагодна, да іх хутка далучацца Кенія і Марока, з якімі ідуць перамовы, піша Office Life.
Ва ўрадзе таксама разлічваюць, што адным з сур’ёзных артыкулаў беларускага экспарту ў Афрыку стануць прадукты харчавання – гэта дазволіць давесці экспарт гэтай прадукцыі да $10 млрд у год.
Павялічваецца тавараабарот паміж Менскам і расейскімі гарадамі
Тавараабарот паміж Менскам і расейскімі гарадамі за першае паўгоддзе 2023 года вырас на 27% у параўнанні са студзенем – чэрвенем мінулага года. Пра гэта распавёў амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў, піша “Інтэрфакс”.
Паводле слоў Грызлова, у першым паўгоддзі тавараабарот беларускай сталіцы з Расеяй дасягнуў $7,7 млрд. Ён таксама паведаміў, што ўжо заключана каля паўсотні шматпрофільных партнёрскіх пагадненняў паміж Менскам і гарадамі і рэгіёнамі Расеі. Толькі з пачатку 2022 года – дзевяць пагадненняў аб супрацоўніцтве і адзін пратакол аб намерах. Грызлоў таксама анансаваў, што рыхтуецца да зацвярджэння план мерапрыемстваў па супрацоўніцтве з Масквой на 2023-2025 гады.
Раней пасол Беларусі ў Расеі Дзмітрый Крутой адзначаў, што гэта краіна зараз з’яўляецца прыярытэтам у беларускім гандлі.
Сёлетні ўраджай збожжавых Беларусі – горшы за апошнія 20 гадоў
Цяперашні ўраджай збожжавых Беларусі – горшы за апошнія 20 гадоў. Па звестках Мінсельгасхарча, усяго сабралі 6,1 млн тон збожжа. У параўнанні з планам чыноўнікаў, недабор склаў 2,8 млн тон. А з мінулага года ўраджай зменшыўся на 2,5 млн тон, паведамляе euroradio.
Прычым, як паказвае шматгадовая практыка, за кошт усушкі і ўтрускі ўраджай яшчэ зменшыцца. Бо цяпер размова ідзе пра валавы збор збожжа. Выніковыя лічбы Белстата звычайна ніжэйшыя за лічбы, пра якія рапартуе Міністэрства сельскай гаспадаркі.
Горш, чым сёлета, было толькі ў 2006 годзе, калі сабралі роўна 6 млн тон збожжа.
У Беларусі ў першыя дні верасня абнавілі базу “дармаедаў”.
У базу ўключылі тых, хто не змог пацвердзіць занятасць за красавік-чэрвень. “Дармаедам”, у якіх ёсць ва ўласнасці жыллё, будуць выстаўляць па поўных тарыфах плацяжы за газазабяспечанне, ацяпленне і гарачую ваду.
“Дармаедскую базу” абнаўляюць з перыядычнасцю раз на квартал. Каб не аказацца ў ёй з верасня, трэба было да 21 ліпеня пацвердзіць занятасць. Гэта можна было зрабіць праз камісію па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці, прыгадвае “Зеркало”.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота Менскага трактарнага завода.