Замест метро – хуткасны трамвай



У Менску адкрыліся новыя станцыі метро. Але за кошт адной станцыі метро — фактычна шматпавярховіка пад зямлёй з дзясяткамі работнікаў, можна пабудаваць дзясяткі кіламетраў высокахуткаснай і сучаснай трамвайнай лініі, сцвярджае аўтар буйнога тэлеграм-канала „Беларускі ўрбаніст” Даніл Аленіўс:

– У былых савецкіх краінах ёсць этаж на метрапалітэн. Падземнае будаўніцтва вельмі дарагое, і можна, напрыклад, рабіць хуткасны трамвай і ў цэнтры рабіць некалькі станцый пад зямлёй. У нас жа ўсё працуе, каб выглядала дорага і багата. Апроч дарагавізны будавання ёсць яшчэ кошт абслугоўвання. Кожная станцыя патрабуе працы як мінімум  некалькіх дзясяткаў чалавек.

Зараз „загрузка” трэцяй, Зялёналужскай лініі вельмі далёкая ад пасажырапатоку на дзвюх іншых галінах менскага метро. Колькасць пасажыраў на трэцяй лініі павялічыцца толькі пры ўводзе ў карыстанне астатніх трох станцый, кажа Даніл Аленіўс:

– Трэцяя лінія перавозіць меней людзей, чым адна станцыя “Каменная  горка” ці “Магілёўская”. Калі дабудуюць іншыя тры станцыі, іх трэба будаваць, і ўжо распачалі, тады гэтая лінія будзе больш напружаная. Але гэта ўсё адно непатрэбныя выдаткі. Танней было б перарабіць трэцюю лінію ў хуткасны трамвай, які проста пасля станцыі “Аэрадромнай” выйшаў на зямлю і развозіў бы людзей.

На жаль, ідэя хуткаснага трамвая не разглядалася менскімі ўладамі сур’ёзна, хаця такі досвед маюць многія еўрапейскія сталіцы. Гэта дазваляе пазбегнуць залішніх фінансавых стратаў і зменшыць заторы ў самім горадзе, паколькі частка жыхароў адмаўляецца ад асабістых аўтамабіляў, калі можа хутка праехаць у патрэбную частку горада дзякуючы разгалінаванай трамвайнай сетцы.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным файле:

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск