Замест штрафу – падвойны падатак? (абноўлена)



«Ідэі пра небяспечнасць сітуацыі з прадпрымальнікамі  былі данесены кіраўніку дзяржавы Аляксандру Лукашэнку. Таму можна чакаць, што праблема ці праз новы падатак, ці праз іншыя ўмовы працы будзе так ці інакш вырашана», – кажа эксперт Ліберальнага аналітычнага клубу эканаміст Яўген Прайгерман:

– Пытанне, канешне, у тым, што гэта за новы падатак будзе, і як ён адаб’ецца на большасці прадпрымальнікаў. Улады таксама не зацікаўленыя ў тым, каб гэтыя людзі страцілі працу, а дзяржава – падаткі.  А абывацелі  таксама не хочуць страціць магчымасць набываць можа не вельмі якасныя, але больш танныя тавары.

Трэцяга сакавіка Міністэрства па падатках і зборах апублікавала паведамленне, згодна з якім ІП павінны выплачваць падаткі з падвышаным каэфіцыентам за права гандляваць прадукцыяй без суправаджальных дакументаў. Пры гэтым МПЗ паведамляе, што ў бліжэйшы час будзе падпісаны ўказ прэзідэнта, згодна з якім ІП – плацельшчыкі адзінага падатку – атрымаюць права на гандаль прадукцыяй, увезенай з тэрыторыі Мытнага саюза, без суправаджальных дакументаў.

* * *

Беларускім уладам нявыгадна ў год прэзідэнцкіх выбараў ціснуць на індывідуальных прадпрымальнікаў. Пра гэта заявіў эканамічны эксперт Антон Болтачка, каментуючы сітуацыю ў сферы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Па яго словах, хутка стане вядома, як будзе вырашана пытанне і якая схема працы будзе прапанаваная для ІП, але чакаць паляпшэння ўмоў для бізнесоўцаў дакладна не даводзіцца, кажа эканаміст:

– Схема заключаецца ў тым, што сертыфікацыю не правяраюць, а адзіны падатак на індывідуальных прадпрымальнікаў павялічваюць у два разы. Такім чынам, нашыя ўлады фактычна імкнуцца папоўніць дзярбюджэт за кошт прадпрымальнікаў, не папаўняючы яго тымі штрафамі, якія б маглі быць выпісаныя тым, хто працуе без сертыфікацыі.

Беларускія ўлады ужо заяўлялі аб гатовасці абыйсці дамоўленасці ў рамках Еўразійскага эканамічнага звязу, таму зараз разглядаюць варыянт з дадатковым падаткам для прадрымальнікаў. Самі ІП у чаканні канкрэтнага рашэння ўладаў пазакрывалі свае гандлёвыя кропкі, асцерагаючыся магчымых штрафаў і канфіскацыі тавару.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя