Замежныя інвестыцыі ў студзені-верасні скараціліся на 600 млн долараў



За студзень-верасень 2019 года ў рэальны сектар эканомікі (акрамя банкаў) замежныя інвестары ўклалі 7,1 млрд долараў ЗША, паведамілі ў Нацыянальным статыстычным камітэце.

За аналагічны леташні перыяд гэты паказчык склаў 7,7 млрд долараў. Такім чынам, па выніках дзевяці месяцаў інвестыцыі скараціліся на 600 млн долараў.

Асноўнымі інвестарамі былі суб’екты гаспадарання Расеі (44,2% усіх інвестыцый), Вялікабрытаніі (19,7%) і Кіпра (6,6%).

Паступленне прамых замежных інвестыцый склала 5,2 млрд долараў ЗША (у студзені-верасні 2018 года — 6,1 млрд), або 77,8% усіх замежных інвестыцый.

За студзень-верасень 2019 года беларускія арганізацыі (акрамя банкаў) накіравалі за мяжу інвестыцый на 4,4 млрд долараў ЗША (у студзені—верасні 2018-га — 4,6 млрд).

Значныя аб’ёмы інвестыцый былі накіраваны суб’ектам гаспадарання Расіі (62,3% усіх інвестыцый), Украіны (15,8%), Вялікабрытаніі (8,7%).

На долю прамых інвестыцый прыпала 91,1% усіх накіраваных інвестыцый за мяжу (год таму — 94,4%).

Раней у каментарыі БелаПАН выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра „Стратэгія” Яраслаў Раманчук выказаў меркаванне, што ніякіх падстаў думаць, што ў 2019 годзе ўсе зменіцца і інвестыцыі пачнуць расці, няма, калі меркаваць па прынятых законах і нарматыўных актах. „Гэта ўсё зноў ручное кіраванне эканомікай. Улады гавораць: калі хочаце зрабіць задавальненне — даць нам вашыя грошы, тады ў нас ёсць дзяржпраграмы. Хочаце — купляйце мінарытарныя пакеты акцый. Гэта не працуе, таму інвестыцыйная паўза будзе працягвацца”, — лічыць эканаміст.

Паводле яго слоў, Беларусь у разліку замежных інвестыцый на душу насельніцтва з’яўляецца відавочным аўтсайдарам на фоне краін-суседзяў, краін Усходняй Еўропы і адстае ў тры-сем разоў. „Сітуацыя, калі ў нас вельмі высокія маёмасныя рызыкі, звязаныя з вельмі слабой абаронай інстытуту прыватнай уласнасці, нам чакаць інвестараў, акрамя як з Расіі, Вялікабрытаніі і Кіпра з інвестыцыямі з відавочна рускімі каранямі, не выпадае”, — лічыць Раманчук.

Каб актывізаваць прыток замежных інвестараў, трэба, на думку эксперта, „зразумець, што прыватная ўласнасць — гэта не чэснае слова прэзідэнта і не абяцанні, якія даюцца на самым высокім узроўні, а потым тонуць у бюракратыі”. „Гэта не спосаб прыватызацыі, пры якой прадаюць старызну за вялікія грошы, яшчэ і абцяжарваючы яе інвестыцыйнымі ўмовамі. Гэта выразныя правілы карпаратыўнага кіравання, незалежны суд і сумленныя правілы канкурэнцыі, якіх у Беларусі няма. Таму для таго, каб прыцягнуць інвестара, трэба мяняць сістэму , а не мяняць месцамі ложкі”, — адзначыў ён.

belapan.by