Запасы гатовай прадукцыі растуць трэці месяц запар



За лістапад 2018 года запасы гатовай прадукцыі на складах арганізацый беларускай прамысловасці выраслі на 116,8 млн рублёў і на 1 снежня склалі 4 млрд 399,7 млн рублёў. Запасы растуць трэці месяц запар, сведчаць дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці ў студзені-лістападзе склалі 60,3% супраць 61,9% за такі ж перыяд 2017 года.

Па выніках студзеня-лістапада найбольшы ўзровень складскіх запасаў быў на прадпрыемствах Менска (88,6% сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці). Затым ідуць Менская вобласць (78,5%), Гарадзенская (74,1%), Берасцейская (73,7%) і Магілёўская (58,6%).

Найменшы ўзровень складскіх запасаў традыцыйна зафіксаваны ў Віцебскай (35,8%) і Гомельскай (32,5%) абласцях, дзе знаходзяцца нафтаперапрацоўчыя заводы.

Найбольш высокі ўзровень запасаў гатовай прадукцыі ў студзені-лістападзе назіраўся ў вытворчасці тэкстыльных вырабаў, адзення, вырабаў са скуры і футра (у 3 разы перавысіў сярэднямесячны аб’ём вытворчасці), асноўных фармацэўтычных прадуктаў і фармацэўтычных прэпаратаў (у 2 разы), а таксама вылічальнай, электроннай і аптычнай апаратуры (у 1,8 разу).

У горназдабыўной прамысловасці суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці склалі 6,3% (на 1 снежня 2017 года — 9,5%), у апрацоўчай — 69,7% (71,9%), у тым ліку ў харчовай прамысловасці — 61,3% (66,4%), дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай галіне, выдавецкай дзейнасці — 87,3% (75,8%). У металургічнай вытворчасці гэты паказчык на 1 снежня склаў 27% (40,3%), у вытворчасці электраабсталявання — 55% (76,4%), гумовых і іншых неметалічных мінеральных прадуктаў — 72,7% (86,9%), транспартных сродкаў і абсталявання — 97,9% (126,1%).

belapan.by