Запасы гатовай прадукцыі ў прамысловасці зноў выраслі



Рост складскіх запасаў у прамысловасці Беларусі звязаны з сезонным фактарам і нявырашанымі праблемамі ў беларуска-расейскіх адносінах. Такое меркаванне выказаў БелаПАН намеснік дырэктара Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў Нацыянальнай акадэміі навук Георгій Грыц, каментуючы даныя афіцыйнай статыстыкі.

Запасы гатовай прадукцыі ў прамысловасці за студзень 2017 года выраслі на 202,8 млн рублёў і на 1 лютага склалі 3 млрд 862,5 млн. Пры гэтым запасы гатовай прадукцыі ў прамысловасці ў снежні 2016 года скараціліся на 76,6 млн рублёў і склалі 3 млрд 659,7 млн рублёў.

„Рост складскіх запасаў, як правіла, носіць сезонны характар і ў асноўным залежыць ад экспарту прамысловай прадукцыі ў Расею, нашаму асноўнаму гандлёваму партнёру. У студзені ў іх былі доўгія вакацыі”, — адзначыў Грыц. Паводле яго слоў, у снежні зніжэнне складскіх запасаў беларускіх тавараў таксама звязанае з пастаўкамі ў Расею, дзе, як правіла, да канца года актывізуецца крэдытаванне і дзяржпадтрымка, так званае „асваенне сродкаў”.

„З іншага боку, рост складскіх запасаў звязаны з нявысветленасцю ў беларуска-расейскіх адносінах. Беларусь цяпер знаходзіцца ў нейкім канфрантацыйным стане з РФ, і з іх боку мы адчуваем насцярожанасць”, — лічыць эксперт.

„Нарошчванне аб’ёмаў вытворчасці па аб’ектыўных прычынах не атрымліваецца, таму што трэнд на зніжэнне прысутнасці на расейскім рынку захоўваецца і захоўваецца тэндэнцыя зніжэння ўнутранага і знешняга фінансавання. Склаўся цэлы комплекс негатыўных з’яў, які перакладваецца на паступленне валюты ў бюджэт”, — адзначыў Грыц.

Лідарамі па складскіх запасах з’яўляюцца лёгкая прамысловасць (у 2,9 разу перавысіла сярэднямесячны аб’ём вытворчасці); вытворчасць транспартных сродкаў і абсталявання (у 2,1 разу); асноўных фармацэўтычных прадуктаў і прэпаратаў (у 1,7 разу), машын і абсталявання (у 1,6 разу). „Гэта рэсурсы, якія завязаныя на дзяржзакупках у Расеі і федэральнай падтрымцы. Мы аб’ектыўна выпадаем з федэральных праграм”, — растлумачыў эксперт.

belapan.by