Запасы гатовай прадукцыі ў прамысловасці за год выраслі на 10,9%



Пасля росту ў студзені і лютым па выніках сакавіка ў Беларусі адзначанае зніжэнне запасаў гатовай прадукцыі ў прамысловасці ў грашовым выражэнні ў адносінах да лютага, сведчаць дадзеныя Белстата.

Суадносіны запасаў гатовай прадукцыі да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці ў сакавіку бягучага года склалі 76,4% супраць 65,5% у сакавіку 2019-га і 66,3% у снежні. Такім чынам, за год рост склаў 10,9 працэнтнага пункта, за тры месяцы 2020 года — 10,1 працэнтнага пункта.

У грашовым выражэнні за сакавік запасы гатовай прадукцыі на складах прамысловых прадпрыемстваў знізіліся на 314,7 млн рублёў і на 1 красавіка склалі 5 млрд 464,2 млн рублёў.

Па выніках сакавіка найбольшы ўзровень складскіх запасаў быў на прадпрыемствах Менскай вобласці (115% сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці). Затым ідуць Менск (93,2%), Гарадзенская (86,3%), Берасцейская (76,5%) і Магілёўская (72,6%) вобласці.

Найменшы ўзровень складскіх запасаў традыцыйна зафіксаваны ў Віцебскай (48,5%) і Гомельскай (42,9%) абласцях, дзе размешчаныя нафтаперапрацоўчыя заводы.

Найбольш высокі ўзровень запасаў гатовай прадукцыі на 1 красавіка 2020 года назіраўся ў вытворчасці тэкстыльных вырабаў, адзення, вырабаў са скуры і футра (у 3,6 разу перавысілі сярэднямесячны аб’ём вытворчасці), вылічальнай, электроннай і аптычнай апаратуры (у 2,5 разу), машын і абсталявання (у 2,1 разу).

У горназдабыўной прамысловасці суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці склалі 49,7% (на 1 красавіка 2019 года — 9,1%), у апрацоўчай — 90,7% (77,3%), у тым ліку ў харчовай прамысловасці — 67% (59,1%), дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай галіне, выдавецкай дзейнасці — 91,2% (111%).

У металургічнай вытворчасці гэты паказчык на 1 красавіка 2020 года склаў 35,5% (35,8%), у вытворчасці электраабсталявання — 92,9% (80,9%), гумовых і іншых неметалічных мінеральных прадуктаў — 106,5% (101,6%), транспартных сродкаў і абсталявання — 107,4% (105%), хімічных прадуктаў — 62% (48,1%), нафтаперапрацоўцы — 4,1% (11,5%).

belapan.by