Запасы гатовай прадукцыі ў прамысловасці растуць другі месяц запар
За люты 2021 года запасы гатовай прадукцыі на прамысловых прадпрыемствах у грашовым выражэнні павялічыліся, сведчаць звесткі Белстата.
Суадносіны запасаў гатовай прадукцыі да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці на 1 сакавіка 2021 года склалі 65,2% супраць 83,3% на 1 сакавіка 2020 года. Такім чынам, за год зніжэнне склала 18,1 працэнтнага пункта.
У грашовым выражэнні запасы гатовай прадукцыі на складах прамысловых прадпрыемстваў за люты павялічыліся на 174,7 млн рублёў і на 1 сакавіка гэтага года склалі 5 млрд 658 млн рублёў.
У студзені запасы выраслі на 408,8 млн да 5 млрд 483,3 млн рублёў.
Паводле вынікаў двух месяцаў 2021 года найбольшы ўзровень складскіх запасаў быў на прадпрыемствах Менскай вобласці (103,6% сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці). Затым ідуць Менск (90,4%), Берасцейская (78,1%), Гарадзенская (71,3%) і Магілёўская (64%) вобласці.
Найменшы ўзровень складскіх запасаў традыцыйна зафіксаваны ў Віцебскай (45,9%) і Гомельскай (26,2%) абласцях, дзе размешчаныя нафтаперапрацоўчыя заводы.
Найбольш высокі ўзровень запасаў гатовай прадукцыі на 1 сакавіка 2021 года назіраўся ў вытворчасці тэкстыльных вырабаў, адзення, вырабаў са скуры і футра (у 4 разы перавысіў сярэднямесячны аб’ём вытворчасці), вылічальнай, электроннай і аптычнай апаратуры (у 1,7 разу), машын і абсталявання (у 1,6 разу).
У горназдабыўной прамысловасці суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці склалі 17,2% (на 1 сакавіка 2020 года — 86,8%), у апрацоўчай — 78% (98,4%), у тым ліку ў харчовай прамысловасці — 63,7% (74,6%), дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай галіне, выдавецкай дзейнасці — 66,1% (97,7%).
У металургічнай вытворчасці гэты паказчык на 1 сакавіка 2021 года склаў 37,7% (35,8%), у вытворчасці электраабсталявання — 70,4% (104,3%), гумовых і іншых неметалічных мінеральных прадуктаў — 111,3% (117,7%), транспартных сродкаў і абсталявання — 109,4% (120,2%), хімічных прадуктаў — 54,9% (78,7%), у нафтаперапрацоўцы — 3,1% (3,9%).