Запасы гатовай прамысловай прадукцыі зноў выраслі
У студзені запасы гатовай прадукцыі ў прамысловасці выраслі пяты месяц запар, сведчаць афіцыйныя статыстычныя звесткі.
На 1 лютага запасы гатовай прадукцыі дасягнулі 64,1% сярэднямесячнай вытворчасці супраць 60,9% на 1 студзеня, 60,3% на 1 снежня і 60,4% на 1 лютага 2018 года.
У грашовым выражэнні запасы гатовай прадукцыі на 1 лютага 2019 года склалі 4 млрд 806,2 млн рублёў супраць 4 млрд 226,1 млн рублёў на 1 лютага 2018 года. Такім чынам, за год запасы гатовай прадукцыі ў грашовым выражэнні павялічыліся на 13,7%. Пры гэтым аб’ём прамысловай вытворчасці ў студзені 2019 года быў на 4,5% большым, чым у студзені 2018-га (без уліку інфляцыі).
Найбольшыя складскія запасы ў студзені былі ў Менскай вобласці (85,2% сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці), Менску (92,4%), Гарадзенскай (72,9%), Берасцейскай (72%) і Магілёўскай (71,5%) абласцях. Найменшыя запасы (39,9% і 37,5% адпаведна) былі ў Віцебскай і Гомельскай абласцях, дзе знаходзяцца нафтаперапрацоўчыя заводы.
Найбольш высокі ўзровень запасаў гатовай прадукцыі на 1 лютага 2019 года сфармаваўся ў арганізацыях, падведамных „Беллегпраму”, „Белдзяржхарчпраму”, Міністэрству аховы здароўя і Мінпраму.
На праблему росту складскіх запасаў у прамысловасці летась звяртала ўвагу кіраўніцтва Навукова-даследчага эканамічнага інстытута Міністэрства эканомікі.
Падчас круглага стала, прысвечанага сістэмным праблемам эканамічнага развіцця, дырэктар НДЭІ Мінэканомікі Віктар Пінігін заявіў, што рост складскіх запасаў з’яўляецца следствам дырэктыўных паказчыкаў, якія спускаюць да прадпрыемстваў органы ўлады.
„У выніку вырабляецца прадукцыя, не запатрабаваная рынкам, тэхналагічная мадэрнізацыя ажыццяўляецца не ў адпаведнасці з рынкавымі трэндамі, неадэкватна расце зарплата, павялічваюцца запасы гатовай прадукцыі на складах, не хапае грашовых крыніц у складзе абаротных сродкаў, расце крэдыторская і дэбіторская завінавачанасць”, — адзначыў Пінігін.
Паводле яго слоў, органы дзяржкіравання, адказныя за спушчаныя дырэктыўныя заданні, практычна не нясуць ніякай адказнасці за прынятыя рашэнні.
Варта адмовіцца ад практыкі кіравання дзяржпрадпрыемствамі з дапамогай дырэктыўных паказчыкаў, а для гэтага неабходна перайсці ад дырэктыўнага да індыкатыўнага планавання ў эканоміцы, лічыць эканаміст.