Запасы прадукцыі растуць пяты месяц запар
За студзень 2018 года запасы гатовай прадукцыі на складах арганізацый прамысловасці павялічыліся на 363,1 млн рублёў і на 1 лютага 2018 года склалі 4 млрд 213,6 млн рублёў, паведаміў Белстат.
Суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці ў студзені 2018 года склалі 60,4% супраць 69,9% у студзені 2017 года.
У мінулым годзе запасы гатовай прадукцыі зніжаліся некалькі месяцаў запар (у жніўні яны зменшыліся на 85,5 млн, у ліпені — на 30,5 млн рублёў, у чэрвені — на 186 млн, у маі — на 141,6 млн). Са студзеня па красавік яны пастаянна раслі, і іх рост аднавіўся ў верасні (на 70,9 млн рублёў). У кастрычніку яны павялічыліся яшчэ на 114,3 млн рублёў, лістападзе — на 124 млн, снежні — на 13,6 млн рублёў.
Па выніках студзеня 2018 года найбольшы ўзровень складскіх запасаў быў на прадпрыемствах Менскай вобласці (95,5% сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці). Затым ідуць Менск (80,2%), Гарадзенская (78,3%), Берасцейская (74,7%) і Магілёўская (67,4%) вобласці.
Найменшы ўзровень складскіх запасаў традыцыйна зафіксаваны ў Віцебскай (37,3%) і Гомельскай (23%) абласцях, дзе знаходзяцца нафтаперапрацоўчыя заводы.
Найбольш высокі ўзровень запасаў гатовай прадукцыі ў студзені назіраўся ў вытворчасці тэкстыльных вырабаў, адзення, вырабаў са скуры і футра (у 2,9 разу перавысіў сярэднямесячны аб’ём вытворчасці), фармацыі (у 1,7 разу), вытворчасці вылічальнай, электроннай і аптычнай апаратуры (у 1,5 разу).
У горназдабыўнай прамысловасці суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці склалі 8,2% (на 1 лютага 2017 года — 13%), у апрацоўчай — 72,2% (86,8%), у тым ліку ў харчовай прамысловасці — 77,3% (71,6%), дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай галіне, выдавецкай дзейнасці — 76,1% (120,8%). У металургічнай вытворчасці гэты паказчык на 1 снежня гэтага года склаў 30,2% (39%), у вытворчасці электраабсталявання — 85,9% (112,8%), гумовых і іншых неметалічных мінеральных прадуктаў — 107,8% (114,6 %), транспартных сродкаў і абсталявання — 124,1% (206,6%).