Запазычанасць беларускіх арганізацый з пачатку года вырасла на чвэрць



Запазычанасць беларускіх арганізацый па крэдытах і пазыках на 1 лістапада гэтага года склала 97 млрд 527, 5 млн рублёў. Гэта на 24,5% больш, чым на 1 студзеня 2020 года, і на 2% больш у параўнанні з паказчыкам на 1 кастрычніка, сведчаць звесткі Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Пратэрмінаваная запазычанасць па крэдытах і пазыках арганізацый (без уліку мікраарганізацый і малых пазаведамасных арганізацый) на 1 лістапада склала 2 млрд 548,5 млн рублёў. Паводле звестак Белстата, з пачатку года яна знізілася на 16,6%, за верасень — вырасла на 8,7%.

Замежная пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць за студзень—кастрычнік 2020 года паменшылася на 7,2% да 1 млрд 21,4 млн рублёў, за верасень — знізілася на 19,7%. У цэлым знешняя крэдыторская запазычанасць з пачатку года вырасла на 6,7% (да 11 млрд 958,4 млн), за верасень — знізілася на 3,4%.

Пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць знізілася на 4,9% і на 1 лістапада склала 7 млрд 534,5 млн рублёў, за верасень — знізілася на 3,4%.

Крэдыторская запазычанасць на 1 лістапада 2020 года склала 59 млрд 455 млн рублёў, або на 9,1% больш, чым на 1 студзеня 2020 года, і на 1,5% менш у параўнанні з паказчыкам на 1 кастрычніка.

Пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць за 10 месяцаў паменшылася на 0,8% і на 1 лістапада склала 7 млрд 892,4 млн рублёў (за верасень — знізілася на 6,7%).

Замежная пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць вырасла на 1,3% да 935,4 млн рублёў. За верасень яна павялічылася на 2,4%.

У цэлым замежная дэбіторская запазычанасць з пачатку года вырасла на 44,7% да 13 млрд 696,4 млн рублёў, за верасень — на 10,8%.

Дэбіторская запазычанасць на 1 лістапада 2020 года склала 50 млрд 341 млн рублёў, або на 21,7% больш, чым на 1 студзеня 2020 года, і на 2,8% больш у параўнанні з паказчыкам на 1 кастрычніка.

Выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра „Стратэгія” эканаміст Яраслаў Раманчук раней у каментары БелаПАН адзначыў, што рост запазычанасці пагаршае становішча не толькі прадпрыемстваў, але і банкаўскай сістэмы. „Усе моцна закрэдытаваныя, і львіная доля прыпадае на дзяржсектар. Прадпрыемствы зноў стаяць з працягнутай рукой да ўрада — дайце яшчэ грошай, дайце рэструктурызацыю даўгоў. Дзяржбанкі кажуць тое ж самае ў дачыненні да ўрада і Нацбанка. Сітуацыя патавая, таму што як толькі Нацыянальны банк, які раней вельмі разважліва сябе павёў і зрабіў больш жорсткай грашова-крэдытную палітыку, пачне патураць такога роду патрабаванням, тады курс на ўзроўні 3—3,5 рубля за долар і інфляцыя больш за 10% непазбежныя”, — падкрэсліў эканаміст.

belapan.by