Запазычанасць беларускіх прадпрыемстваў павялічваецца



За студзень—травень запазычанасць прадпрыемстваў за электрычную і цеплавую энергію павялічылася на 3,1 трлн. рублёў і дасягнула 8 трлн. рублёў на 1 чэрвеня, паведамілі ў дзяржаўным вытворчым аб’яднанні „Белэнерга”.

Спецыялісты вытворчага аб’яднання, адказваючы на пытанні, адзначылі, што тэндэнцыя росту неплацяжоў за энергарэсурсы стала назірацца яшчэ ў 2015 годзе.

„Узровень аплаты спажыўцамі адпушчанай ім энергіі знізіўся да 95 працэнтаў, запазычанасць за 2015 год павялічылася ў 3,6 разу і на 1 студзеня 2016 года складала 4,92 трлн. рублёў”, — канстатавалі спецыялісты „Белэнерга”.

Характарызуючы бягучую сітуацыю з платай спажыўцоў за адпушчаныя энергарэсурсы, спецыялісты вытворчага аб’яднання канстатавалі, што ў 2016 годзе рост даўгоў за адпушчаную спажыўцам электрычную і цеплавую энергію прыкметна паскорыўся.

„За студзень—травень 2016 года ўзровень платы за энергію ў цэлым па рэспубліцы склаў 91,8%. З пачатку бягучага года спажыўцы недаплацілі 3,12 трлн. рублёў, такім чынам, запазычанасць за энергію павялічылася на 63% і па стане на 1 чэрвеня 2016 года дасягнула 8 трлн. рублёў”, — паведамілі ў „Белэнерга”.

Там адзначылі, што найбольшыя сумы запазычанасці за спажытую энергію склаліся па арганізацыях Мінпрама (2,84 трлн. рублёў), канцэрна „Беллеспаперапрам” (0,69 трлн. рублёў), Мінбудархітэктуры (0,39 трлн. рублёў) і канцэрна „Беллегпрам” (0,25 трлн. рублёў).

„Самае буйное прадпрыемства-неплацельшчык на сённяшні дзень гэта ААТ „БМЗ” — кіруючая кампанія холдынгу „БМК”. Далей ідуць ААТ „Светлагорскі ЦКК”, ААТ „Менскі аўтамабільны завод”, ААТ „Барысаўскі завод „Аўтагідраўзмацняльнік”, ААТ „Менскі падшыпнікавы завод”, — расказалі спецыялісты „Белэнерга”.

Акрамя таго, у ліку даўжнікоў такія прадпрыемствы, як ААТ „Гомсельмаш”, ААТ „Гомельскі ЗЛіН”, ААТ „Пінскае ВГА „Палессе”, ААТ „Камволь”, ААТ „Барысаўскі мясакамбінат”, а таксама буйныя шклозаводы краіны.

„Працягваецца рост запазычанасці за энергію і па арганізацыях камунальнай формы ўласнасці. Узровень аплаты гэтымі арганізацыямі за пяць месяцаў бягучага года ў цэлым па рэспубліцы склаў 90,1%, недаплачана 0,99 трлн. рублёў. У параўнанні з сумай на пачатак 2016 года запазычанасць камунальных арганізацый павялічылася на 44% і па стане на 1 чэрвеня 2016 года дасягнула 3,18 трлн. рублёў”, — растлумачылі спецыялісты „Белэнерга”.

Асноўная частка гэтай сумы, удакладнілі ў вытворчым аб’яднанні, прыходзіцца на даўгі сельскагаспадарчых арганізацый (2,43 трлн. рублёў).

belapan.by