Запазычанасць беларускіх прадпрыемстваў па падатках вырасла на 64%



За мінулы год запазычанасць суб’ектаў гаспадарання па плацяжах у бюджэт вырасла на 64%, сведчаць афіцыйныя статданыя.

На 1 студзеня 2018 года запазычанасць суб’ектаў гаспадарання па плацяжах у бюджэт склала 167 млн рублёў (на 1 студзеня 2018 года — 101,8 млн рублёў).

У агульным аб’ёме запазычанасці найбольшую долю складаюць даўгі па выплаце падатку на даданую вартасць (39,2% у агульнай суме запазычанасці). На пачатак года прадпрыемствы не заплацілі ПДВ на 65,4 млн рублёў, за мінулы год запазычанасць па гэтаму падатку вырасла на 49,7%.

За 2018 год таксама істотна павялічылася запазычанасць арганізацый па выплаце падатку на прыбытак. На 1 студзеня 2019 года пазыкі суб’ектаў гаспадарання па гэтаму падатку выраслі ў 3,45 разу да 63,5 млн рублёў.

Варта адзначыць, што значнае павелічэнне даўгоў прадпрыемстваў па плацяжах у бюджэт у мінулым годзе адбылося на фоне пагаршэння фінансавага становішча суб’ектаў гаспадарання.Так, чысты прыбытак арганізацый на 1 студзеня 2019 года склаў 5 млрд 159,5 млн рублёў, што на 38,9% менш у параўнанні з 2017 годам.

Намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Дзмітрый Калечыц, выступаючы на студзеньскім пашыраным пасяджэнні праўлення, заявіў, што захоўваецца цяжкае фінансавае становішча арганізацый рэальнага сектара эканомікі. „Індыкатарамі гэтага з’яўляюцца зніжэнне чыстага прыбытку і рэнтабельнасці. Аб’ём патэнцыйных рызык, звязаных з няўстойлівым фінансавым становішчам найбуйнейшых дзяржаўных прадпрыемстваў, ацэньваецца Нацыянальным банкам на ўзроўні 15% ВУП”, — падкрэсліў ён.

На думку Калечыц, няўстойлівае і складанае фінансавае становішча прадпрыемстваў рэальнага сектара, якое адбіваецца на якасці іх фінансавай і разліковай дысцыпліны, з’яўляецца прычынай высокага патэнцыялу ўзроўню крэдытных і фіскальных рызык.

belapan.by