Запрацаваў сэрвіс, які параўноўвае цэны ў сталічных крамах
У Менску запрацаваў бясплатны сэрвіс InfoPrice па параўнанні цэн у крамах розных сетак. Ён дазваляе ў рэжыме рэальнага часу адсочваць, дзе і якія прадукты таннейшыя. У сярэднім можна эканоміць чвэрць бюджэту на пакупкі. Падобныя праекты рэалізаваны ў ЗША і Канадзе, – піша Тэлеграф.
У сэрвісе прадстаўлены дзясяткі тысяч тавараў. Пакуль распрацоўшчыкі адлічбавалі асартымент чатырох буйных рытэйлераў – “Еўраопт”, “Гіпа”, “Карона” і “Green”. Неўзабаве ў InfoPrice з’явяцца і іншыя гандлёвыя сеткі.
“Вынікі маніторынгу аказаліся нечаканымі. Першапачаткова планавалася, што сэрвіс дазволіць эканоміць да чвэрці бюджэту, але зараз мы бачым, што цэны на некаторыя тавары ў розных сетках адрозніваюцца амаль удвая… Гэта дазволіць больш рацыянальна падыходзіць да паўсядзённых пакупак”, – кажуць аўтары праекту.
