Запуск другога энергаблока БелАЭС запланаваны на люты-сакавік
Запуск другога энергаблока Беларускай атамнай электрастанцыі можа адбыцца ў канцы лютага-пачатку сакавіка. Пра гэта заявіў генеральны дырэктар дзяржкарпарацыі „Расатам” Аляксей Ліхачоў.

„Цяпер калегі чакаюць дазвол на выхад на мінімальны кантраляваны ўзровень. Дзесьці ў канцы лютага-пачатку сакавіка будзе энэргапуск, выхад на 250-300 МВт і падключэнне да сеткі”, — цытуе Ліхачова агенцтва ТАСС.
Нагадаю, энергетычны запуск першага блока БелАЭС з уключэннем у энергасістэму краіны адбыўся ў лістападзе 2020 года, а ўвод у прамысловую эксплуатацыю — у чэрвені 2021 года. На працягу ўсяго гэтага часу, і нават пасля ўводу ў эксплуатацыю энергаблок перыядычна адключалі і зноў уключалі ў сетку. Чыноўнікі ад энергетыкі казалі аб планавых работах, але вядома і аб паломках.
У канцы снежня мінулага года адбылася загрузка ядзернага паліва ў рэактар другога энергаблока.
