Запуск у Беларусі плацежнага сэрвісу Apple Pay чакаецца да канца года
Плацежны сэрвіс Apple Pay пачне працу ў Беларусі ў найбліжэйшыя месяцы. Такое меркаванне выказала 1 лістапада журналістам у Менску кіраўнік праектаў Apple Premium Reseller па СНД Надзея Дамарад.
„Я думаю, што гэта адбудзецца на працягу месяца або двух месяцаў. Калі раптам гэта не адбудзецца да канца гэтага года, то, думаю, люты 2020 года — гэта апошні тэрмін”, — сказала Дамарад.
Запусціць Apple Pay рыхтуюцца шэраг беларускіх банкаў. Як мяркуе Дамарад, чаканы ў канцы кастрычніка запуск праекта ў Беларусі адкладзены ў сувязі з нейкімі тэхнічнымі момантамі, магчыма, з неабходнасцю дадатковага тэставання якім-небудзь з банкаў.
У цэлым, падкрэсліла Дамарад, вопыт прыходу Apple Pay на іншыя рынкі сведчыць, што запуск гэтага плацежнага сэрвісу станоўча ўплывае на дынаміку продажу прылад Apple. „Экспертна магу сказаць, што павелічэнне продажу iPhone пры запуску Apple Pay можа скласці прыблізна 15%, можа нават больш”, — адзначыла кіраўнік праектаў Apple Premium Reseller.
Apple Pay — сістэма мабільных плацяжоў і электронны кашалёк карпарацыі Apple. Гэтай тэхналогіяй могуць скарыстацца ўладальнікі айфонаў, айпадаў і гадзіннікаў Apple. Плацежная сістэма грунтуецца на бескантактавай тэхналогіі Near Field Communications (NFC).
Apple Pay дазваляе некаторым мабільным прыладам Apple рабіць плацяжы ў крамах і інтэрнэце. Яна працуе шляхам лічбавання існых банкаўскіх карт карыстальніка (праз праграму Wallet або фатаграфаваннем карты). Карыстальнік можа выконваць плацяжы з гэтых карт, выкарыстоўваючы не магнітную паласу, а бесправадную сувязь з прыладай Apple.
Упершыню гэты плацежны сэрвіс быў запушчаны ў ЗША ў 2014 годзе і сёння працуе ў 57 краінах.
belapan.by