Заробкі беларусаў: саступаем эстонцам, але апярэджваем украінцаў
Сярэдні красавіцкі заробак беларусаў павялічыўся да 777 рублёў. Зарплатныя лідары – ІТ-адмыслоўцы – зарабляюць амаль у 5 разоў больш за сярэдні паказчык па краіне, а ў культуры – у 1,8 разы менш.
У Расеі сярэдні заробак у красавіку склаў каля 1000 рублёў (усе сумы ў тэксце прыведзены ў беларускіх рублях). Гэта на 6,7% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
Ва Украіне атрымлівалі ў красавіку ў сярэднім 470 рублёў. Гэта на 1,4% менш, чым у сакавіку. Больш за ўсіх атрымліваюць работнікі авіяцыйнай галіны (1810 рублёў), а менш за ўсіх – работнікі пошты і кур’еры (250 рублёў). Па рэгіёнах вышэй за ўсё заробкі ў Кіеве – 770 рублёў.
Казахі ў сярэднім атрымлівалі ў красавіку 830 рублёў.
У Польшчы сярэдняя красавіцкая зарплата склала 2240 рублёў. Літоўцы ў сярэднім атрымліваюць 1710 рублёў да выплаты падаткаў. У Латвіі ў першым квартале сярэдні брута-заробак (да выплаты падаткаў) складзе 1850 рублёў у месяц. Гэта на 7,2% больш, чым у першым квартале мінулага года, сведчаць дадзеныя Цэнтральнага статыстычнага ўпраўлення. Сярэдні месячны брута-заробак павялічыўся ў Эстоніі ў першым квартале ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 5,7% да 2410 рублёў у месяц.