Затрыманні ў 21vek.by працягваюцца
Сузаснавальнікі анлайн-гіпермаркета 21vek.by усё яшчэ затрыманыя, з’явіліся звесткі пра новыя затрыманні.
Акрамя заснавальнікаў 21vek.by былі затрыманыя і іншыя супрацоўнікі. Пасля допыту ўсіх адпусцілі, апроч начальніка падраздзялення закупак Сяргея Стаюнічава, паведамляе TUT.BY са спасылкай на прэс-службу кампаніі.
Для затрыманых прынялі перадачы з прадметамі першай неабходнасці.
Як паведамлялася раней, 22 чэрвеня ў 21vek.by супрацоўнікі КДБ правялі ператрус. Былі затрыманыя ўсе тры заснавальнікі кампаніі — Сяргей Вайніловіч, Павел Матусевіч і Іван Плюгачоў. Інфармацыі пра іх статус і абвінавачванні пакуль няма.
У кампаніі кажуць, што рахункі інтэрнэт-крамы не заблакаваныя, усе сэрвісы працуюць без збояў. 3000 супрацоўнікаў працягваюць працу ў звычайным рэжыме.