Зацверджаная стратэгія развіцця мытных органаў Беларусі на пяць гадоў



Стратэгія развіцця мытных органаў Беларусі на 2021—2025 гады з перспектывай да 2030 года зацверджаная Дзяржаўным мытным камітэтам.

Як паведамляе ДМК, дакумент прадугледжвае максімальнае спрыянне знешнеэканамічнай дзейнасці на аснове павышэння якасці і выніковасці мытнага адміністравання. У яго аснове — выкарыстанне новых тэхналогій і паступовы пераход да „лічбавай” мытні.

Адзначаецца, што прадугледжаныя стратэгіяй падыходы да развіцця мытнай службы былі абмеркаваныя са спецыялістамі Міністэрства эканомікі і прадстаўнікамі бізнесу.

Дакумент распрацаваны з улікам вопыту рэалізацыі стратэгіі развіцця мытнай службы да 2020 года. Усе мэтавыя індыкатары, прадугледжаныя ў ёй, былі выкананыя, а па 33 з 42 значэнне перавысіла планавае, адзначылі ў ДМК.

Распрацаваная дарожная карта рэалізацыі задач, пастаўленых у стратэгіі, якая, паводле інфармацыі мытнага ведамства, „максімальна арыентаваная на зняцце магчымых бар’ераў пры перасячэнні мяжы пры ўмове арганізацыі эканамічнай бяспекі”.

„Вынік выканання праграмнага дакумента будзе кантралявацца з дапамогай 25 мэтавых індыкатараў, якія дазволяць ацаніць прапанаваныя механізмы ўдасканалення мытнага адміністравання”, — паведамілі ў ДМК.

БелаПАН