Завершана распрацоўка першага беларускага электрамабіля
Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (НАНБ) завяршае распрацоўку першага айчыннага электрамабіля, паведаміў на прэс-канферэнцыі 6 лістапада ў Менску старшыня прэзідыума НАНБ Уладзімір Гусакоў.
Паводле яго слоў, праца вядзецца сумесна з інжынірынгавай і вытворчай кампаніяй „Кейджы Імпэкс”, якая спецыялізуецца на распрацоўцы, протатыпаванні і серыйнай вытворчасці сістэм электрычнага прывада для аўтамабільнага транспарту.
„Адначасова завяршаецца распрацоўка свайго назапашвальніка — суперкандэнсатара электраэнергіі на прынцыпова іншай аснове — на аснове графенаў”, — заявіў Гусакоў.
У канцы красавіка гэтага года Гусакоў паведаміў, што навукоўцы і спецыялісты НАНБ працуюць над стварэннем адразу некалькіх тыпаў беларускіх электрамабіляў.
„У мінулым годзе мы паказалі прыкладную мадэль электрамабіля, цяпер мы працуем над цалкам беларускім узорам электрамабіля, — казаў ён. — Мы плануем стварэнне аўтамабіля не толькі аднаго нейкага тыпу, а адпрацоўваем электрамабілі прадстаўніцкага, сярэдняга класа і вельмі даступнага па цэнах для шырокіх слаёў насельніцтва, вельмі зручнага ў выкарыстанні”.
„Мы ставім задачу, каб усё ў электрамабілі было нашым. Паколькі ў нас ёсць добрыя напрацоўкі па матэрыялах, у тым ліку па кампазіцыйных, мы сёння гатовыя зрабіць і свой кузаў. Але гэта таксама вельмі складаны элемент аўтамабіля. Патрабуецца штампоўка, зварка або злучэнні, мы прапрацоўваем гэтыя пытанні”, — адзначаў кіраўнік НАНБ.
Аляксандр Лукашэнка паставіў перад навукоўцамі задачу скончыць распрацоўку электрамабіля ў 2018 годзе.
Улетку 2017 года НАНБ прадставіла эксперыментальны ўзор беларускага электракара, створанага спецыялістамі Аб’яднанага інстытута машынабудавання на базе легкавога аўтамабіля Geely SC7.
31 жніўня на нарадзе па развіцці беларускага аўтамабілебудавання Аляксандр Лукашэнка расказаў аб тым, як ён пратэставаў амерыканскі электрамабіль Tesla, і даручыў айчынным распрацоўшчыкам выкарыстоўваць яго ў якасці ўзору, да якога неабходна імкнуцца.
Лукашэнка адзначыў, што падрабязна азнаёміўся з эксперыментальным узорам беларускага электракара. „Я з ім уважліва азнаёміўся, паглядзеў усе вашы дэталі. Не ведаю, наколькі высокі ўзровень рухавіка, які вы стварылі, хадавая частка і гэтак далей, але выглядае знешне прыстойна”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. Разам з тым ён падкрэсліў, што „да ўзроўню Tesla яшчэ далёка” і неабходная „далейшая тэхнічная праца ў гэтым кірунку”.
belapan.by