Завезці ядзернае паліва для БелАЭС плануюць да 1 кастрычніка
Завезці ядзернае паліва для Беларускай АЭС плануецца да 1 кастрычніка, паведаміў журналістам віцэ-прэзідэнт — дырэктар праекта па ўзвядзенні Беларускай атамнай электрастанцыі АТ „ІК „АСЭ” (інжынірынгавы дывізіён расейскай дзяржкарпарацыі „Расатам”) Віталь Палянін.
Сустрэча з прадстаўнікамі СМІ адбылася 10 жніўня ў Астраўцы (Гарадзенская вобласць) у межах прэс-тура, арганізаванага з ініцыятывы „Расатама”, падраздзяленні якога будуюць БелАЭС.
„Кантрольная дата для нас і для замоўцы — 1 кастрычніка гэтага года. Усё ідзе ў адпаведнасці з графікам, узгодненым бакамі”, — заявіў Палянін.
Паводле яго слоў, першы энергаблок атамнай станцыі гатовы прыкладна на 95%, другі — на 70%. Найбліжэйшым часам, сказаў дырэктар праекта, на першым энергаблоку пачнуцца выпрабаванні рэактарнай ўстаноўкі на намінальных параметрах. „Разлічваем, што да канца гэтага года мы атрымаем дазвол, завязем паліва на пляцоўку і верым у тое, што пачнем загрузку рэактара”, — сказаў ён.
На другім энергаблоку, адзначыў Палянін, ідуць работы, звязаныя з падачай напружання на аб’ект. У канцы снежня там пачнуцца „паўнавартасныя пусканаладачныя работы”. Фізічны пуск другога энергаблока, які пачнецца з загрузкі паліва ў рэактар, плануецца ажыццявіць у наступным годзе.
Дырэктар праекта паведаміў, што на будаўніцтве абодвух блокаў БелАЭС задзейнічана 5,5 тыс. чалавек. З іх прадстаўнікоў беларускіх арганізацый ад 2 да 2,5 тыс., астатнія — расейскія рабочыя.
Беларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца за кошт крэдыту Расеі паводле тыпавога расейскага праекта ВВЭР-1200. Крэдытная лінія да 10 млрд даляраў на будаўніцтва станцыі адкрытая да 2035 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока БелАЭС запланаваны на снежань 2019 года, другога — на ліпень 2020-га. Мяркуецца, што атамная станцыя будзе выпрацоўваць 18 млрд кВт·гадз электраэнергіі штогод.
belapan.by