Завінавачанасць насельніцтва па крэдытах перавысіла 5 млрд рублёў
У студзені-жніўні 2019 года завінавачанасць фізічных асоб па спажывецкіх крэдытах павялічылася на 16,8% (738,1 млн рублёў) і склала 5 млрд 123,4 млн рублёў, гаворыцца ў статыстычным бюлетэні Нацыянальнага банка.
Начальнік галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацбанка Дзмітрый Мурын у жніўні паведаміў падчас брыфінгу, што рэгулятар чакае запаволення тэмпаў росту спажывецкага крэдытавання.
«У папярэднія гады мы назіралі высокія тэмпы росту спажывецкага крэдытавання, а ўжо ў гэтым годзе бачым іх запаволенне. На наш погляд, гэтая тэндэнцыя захаваецца да канца гэтага года і ў наступным годзе будзе працягвацца», – сказаў Мурын.
Паводле яго слоў, прычынамі для запаволення спажывецкага крэдытавання з’яўляюцца вычарпанне эфекту нізкай базы і ўплыў на рынак рашэнняў Нацбанка.
У апошнія гады ў Беларусі назіраліся высокія тэмпы спажывецкага крэдытавання. У 2017 годзе запазычанасць насельніцтва па спажывецкіх крэдытах вырасла на 75% да 3 млрд рублёў, у 2018 годзе – на 45,7% да 4,39 млрд.
У мінулым годзе Нацыянальны банк увёў паказчык пазыковай нагрузкі, згодна з якім банкі павінны абмяжоўваць выдачу крэдытаў фізічным асобам, чые штомесячныя фінансавыя абавязацельствы перавышаюць 40% сярэднямесячнага даходу.
У красавіку 2019 года Нацбанк давёў да банкаў дадатковыя патрабаванні, якія яны павінны выконваць на этапе разгляду заявак кліентаў аб атрыманні спажывецкіх крэдытаў. У прыватнасці, банкі павінны разлічваць паказчык пазыковай нагрузкі з улікам запазычанасці насельніцтва, якая сфармавалася ў грамадзян у сувязі з пакупкай тавараў з дапамогай карт растэрміновак.
Карты растэрміноўкі, якія даюць магчымасць насельніцтву аформіць фактычна беспрацэнтны крэдыт пры куплі тавару, сталі зʼяўляцца на рынку ў 2014 годзе. Эмітэнтамі такіх карт растэрміновак сталі 10 камерцыйных банкаў. «Мне здаецца, што бурнае развіццё карт растэрміновак сябе вычарпала», – выказаў меркаванне старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур на прэс-брыфінгу ў жніўні.