Завод АКБ у Берасці прызналі адпаведным патрабаванням экалагічнай бяспекі
На размешчаным пад Берасцем акумулятарным заводзе ТАА „Акумулятарны альянс” завяршыла працу прыёмная камісія па ўводзе прадпрыемства ў эксплуатацыю.
Як паведамляе прэс-служба прадпрыемства, атрыманы поўны пакет дакументаў, якія пацвярджаюць адпаведнасць завода патрабаванням экалагічнай бяспекі і эксплуатацыйнай надзейнасці.
„Пусканаладачныя працы на заводзе распачаліся ў пачатку кастрычніка 2020 года. У адпаведнасці з распрацаванай праграмай былі праведзеныя індывідуальныя выпрабаванні і комплекснае апрабаванне ўсяго тэхналагічнага абсталявання і інжынерных сетак з забеспячэннем работы абсталявання ў штатным рэжыме пад поўнай нагрузкай. У перыяд правядзення названых выпрабаванняў сістэматычна выконваліся інструментальныя вымярэнні выкідаў ад усіх крыніц выкідаў на працягу ўсяго часу працы абсталявання”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ТАА „Акумулятарны альянс”.
Адзначаецца, што з 5 кастрычніка 2020 года па 1 сакавіка 2021-га „было праведзена больш за 210 адбораў проб і вымярэнняў выкідаў забруджвальных рэчываў ад крыніц выкідаў, размешчаных на прадпрыемстве”, у тым ліку 146 вымярэнняў выканалі непасрэдна лабараторыі аналітычнага кантролю Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя. „Вынікі вымярэнняў паказалі адпаведнасць са шматразовым запасам фактычных канцэнтрацый выкідаў усталяваным прадпрыемству нарматывам дапушчальных выкідаў, асабліва па выкідах свінцу і яго злучэнняў, а таксама сернай кіслаты”, — падкрэсліваецца ў паведамленні.
Брэсцкі праваабаронца Раман Кісляк заявіў БелаПАН, што лёс гэтага завода павінен вырашыць мясцовы рэферэндум. Яго плануецца правесці на тэрыторыі Тэльмінскага сельсавета, дзе размешчанае прадпрыемства.
„12 лютага заява на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па правядзенні такога рэферэндуму пададзеная ў Тэльмінскі сельскі выканкам Брэсцкага раёна, — паведаміў Кісляк. — Спадзяемся, што рэферэндум паставіць кропку і завод закрыецца назаўжды”.