Завод „БелДжы” па вытворчасці аўтамабіляў Geely атрымаў першы прыбытак



 Беларуска-кітайскае сумеснае прадпрыемства „БелДжы” па вытворчасці аўтамабіляў Geely атрымала першы прыбытак, паведаміў 27 траўня журналістам падчас прэс-тура на завод першы намеснік міністра прамысловасці Генадзь Свідзерскі, які выконвае абавязкі гендырэктара СЗАТ „БелДжы”.

Паводле яго слоў, за першы квартал завод спрацаваў рэнтабельна, чысты прыбытак перавысіў 12 млн рублёў.

„Калі я кажу пра прыбытак, гэта азначае, што мы ў студзені разлічыліся з усімі крэдытнымі абавязацельствамі. Такім чынам, калі падлічваецца бухгалтарскі баланс, ён улічвае запазычанасць прадпрыемства і яго прыбытковасць ад продажу, гэта значыць у гэтым выпадку казаць пра прыбытак абсалютна карэктна”, — падкрэсліў Свідзерскі.

Першы намеснік міністра паведаміў, што з адкрыццём завода і пускам серыйнай вытворчасці выпушчана больш за 15 тыс. аўтамабіляў Geely, з іх палова пастаўленыя ў Расею. Сёлета плануецца выпусціць 22 тыс. аўтамабіляў, з якіх 15 тыс. — паставіць на экспарт у Расею. Выканаўца абавязкаў дырэктара звярнуў увагу на рост попыту з боку дылераў, у прыватнасці ў Расейскай Федэрацыі.

Свідзерскі не выключыў, што вытворчая праграма за год можа быць перавыкананая, аднак гэта запатрабуе адпаведных змен вытворчага і тэхналагічнага цыклаў. Паводле яго слоў, на заводзе працуе больш за 1.200 чалавек. З пачатку года выпушчана больш за шэсць тысяч аўтамабіляў.

„Фактычна завод выйшаў на праектную магутнасць, — заявіў Свідзерскі. — Мы запланавалі ў чэрвені вырабіць дзве тысячы аўтамабіляў, у чэрвені мы пачнем набіраць і навучаць супрацоўнікаў для працы ў дзве змены. Замовы на трэці квартал складаюць тры тысячы аўтамабіляў на месяц, таму на час набору колькаснага складу для другой змены нам давядзецца працаваць да канца года з шасцідзённым працоўным тыднем”.

Беларуска-кітайскае СЗАТ „БелДжы”, якое выпускае легкавыя аўтамабілі пад маркай Geely, было створанае ў 2011 годзе. Акцыянерамі з’яўляюцца ААТ „БелАЗ” (52,49%), Zhejang Jirun Automobile Co. Ltd. (33,35%), СЗАТ „Саюзаўтатэхналогіі” (6,47%), CITIC International Investment Limited (4,96%), ААТ „БАТЭ” (2,7%).

belapan.by