Завод „Юнісан” асвоіць выпуск трох мадэляў электрамабіляў
Вытворца аўтамабіляў СП ЗАТ „Юнісан” (Менскі раён) у 2019 годзе мае намер асвоіць выпуск трох мадэляў электрамабіляў. Пра гэта паведаміў дырэктар дыстрыбутара завода „Юнісан” кампаніі „Юнісан аўта” Дзмітрый Шэлег на прэс-канферэнцыі 22 лютага.
„У 2018 годзе завод „Юнісан” прыняў праграму, мы гатовыя пачынаць зборку электрамабіляў у Беларусі. Выбралі для сябе для пачатку найлепшыя ўзоры кітайскага аўтапрама, таму што сёння найбольшая колькасць заводаў па вытворчасці электрамабіляў размешчаныя ў КНР”, — сказаў Шэлег.
„У канцы 2018 года мы сабралі і сертыфікавалі першы электрамабіль Zotye E200EV, які са студзеня 2019 года паступіў у продаж у Беларусі. У далейшым мы маем намер у 2019 годзе давесці мадэльны шэраг да трох адзінак — запланаваны таксама выпуск седана і сярэднепамернага красовера”, — паведаміў дырэктар „Юнісан аўта”.
Пры гэтым, паводле яго слоў, у якасці седана не будзе вырабляцца прэзентаваны раней заводам „Юнісан” Zotye Z500EV. „На жаль, нам не ўдалося вывесці яго на рынак Беларусі. Так склаліся абставіны ў нашых кітайскіх партнёраў, што яны не змогуць забяспечыць нам пастаўкі камплектавальных для аўтамабіля. Мы знайшлі гэтаму аўтамабілю годную замену і ў хуткім часе раскажам, што гэта будзе за седан і калі ён з’явіцца”, — адзначыў Шэлег.
Паводле яго слоў, прадпрыемства не спыняецца на гэтым і прапрацоўвае далейшыя перспектывы выкарыстання электратранспарту. „Разглядаем грузавыя электрамабілі, якія ўжо эксплуатуюцца ў Кітаі, пасажырскія аўтобусы і аўтамабілі для камунальных службаў, якія працуюць у межах горада. Прабегі дазваляюць бязбольна выкарыстоўваць гэтыя машыны ў гарадскіх і міжгародніх перавозках”, — паведаміў дырэктар „Юнісан аўта”.
У цэлым, на яго думку, у Беларусі развіццё электрамабіляў стрымліваецца неразвітасцю інфраструктуры, у прыватнасці недастатковай колькасцю зарадных станцый. „Сетка павінна апярэджваць наш продаж для таго, каб пакупнікі маглі скарыстацца электрамабілем”, — растлумачыў Шэлег.
Так, на канец 2018 года ў Беларусі было больш за 80 станцый для заправак электрамабіляў, у той час як у Грузіі — 150, ва Украіне — больш за тысячу, у Нідэрландах — больш за 33 тысячы.
Zotye Auto — найбуйнейшы кітайскі аўтаканцэрн, заснаваны ў 2005 годзе, належыць прыватнаму кітайскаму холдынгу Zotye Holding Group Co.
Завод „Юнісан” размешчаны ў вёсцы Абчак за 10 км ад Менска. Быў заснаваны ў 1996 годзе як беларуска-брытанскае сумеснае прадпрыемства Ford Union, а ў 2000 годзе пераўтвораны ў СП ЗАТ „Юнісан”. На працягу больш як 15 гадоў ажыццяўляў зборку шэрагу аўтамабільных марак, уключаючы Ford, KIA, Samand, Lublin, Zotye, Cadillac і іншыя.
belapan.by