Зборачная „Белкамунмаш” з’явіцца ў Вялікабрытаніі



Зборачная вытворчасць электробусаў „Белкамунмаш” з’явіцца ў Вялікабрытаніі. Адпаведнае пагадненне падпісалі 21 лістапада ў Лондане ў прысутнасці прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса ААТ „ККХ „Белкамунмаш” і брытанская кампанія CAD CAM Automotive, паведаміла прэс-служба ўрада.

Як адзначыў Румас на сустрэчы з кіруючым дырэктарам кампаніі CAD CAM Automotive Марцінам Уілерам, Вялікабрытанія ставіць перад сабой амбіцыйныя мэты для пераходу на экалагічна чысты транспарт — ад стварэння ў гарадах зон Zero Emissions да поўнай забароны продажу аўтамабіляў на газаматорным паліве да 2040 года. Таму Румас мяркуе, што кампаніі, якія сёння зоймуцца вытворчасцю экалагічна чыстых аўтамабіляў, „атрымаюць у будучыні вялікую перавагу”.

„Пілотны праект па эксплуатацыі беларускага электробуса ў Вялікабрытаніі, які пачнецца ў найбліжэйшы час, пакажа перавагі гэтага віду транспарту і дапаможа пераканацца нашым брытанскім партнёрам, што Беларусь здольная вырабляць якасныя электробусы”, — адзначыў прэм’ер-міністр.

Пры ўмове арганізацыі ўстойлівага збыту аб’ёмы зборкі могуць дасягнуць да 300 адзінак у год. „Напэўна, і 300 электробусаў — гэта не мяжа, але цяпер важна зрабіць першы крок”, — лічыць Румас.

Марцін Уілер у сваю чаргу адзначыў, што зборачная вытворчасць стане добрай магчымасцю паказаць беларускія тэхналогіі ў Вялікабрытаніі. „Гэта вельмі цікавы час, вельмі вялікія магчымасці для развіцця электратранспарту ў Вялікабрытаніі. Адбываюцца вялікія змены на брытанскім рынку традыцыйных аўтамабіляў, і рынак аўтобусаў будзе развівацца асабліва інтэнсіўна. Гэта вялікая магчымасць у тым ліку паказаць беларускія тэхналогіі ў Вялікабрытаніі ў той час, калі рынак да гэтага па-сапраўднаму гатовы. Гэта для нас першы крок да далейшых доўгіх адносін”, — сказаў ён.

СCA — высокатэхналагічная кампанія, якая займаецца крэатыўным дызайнам, распрацоўкай і вытворчасцю, спецыялізуецца на глабальным аўтамабільным і транспартным рынках.

Адкрытае акцыянернае таварыства „Кіруючая кампанія холдынгу „Белкамунмаш” — беларускі вытворца грамадскага электратранспарту. Прадпрыемства было створана 1 ліпеня 1973 года як Мінскі рамонтны трамвайна-тралейбусны завод. Сёння „Белкамунмаш” з’яўляецца вядучым вытворцам наземнага гарадскога электрычнага транспарту ў краінах СНД.

belapan.by