Здраеўскі: Мы не можам прымусіць Беларусь не будаваць АЭС
Для Еўразвяза ў пытанні будаўніцтва беларускай АЭС самае важнае — аспект бяспекі, заявіў кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента Богдан Здраеўскі ў інтэрв’ю БелаПАН і tut.by па выніках двухдзённага візіту ў Менск.
„У Еўропы невялікі набор інструментаў для ўплыву ў гэтым выпадку, таму што не выкарыстоўваюцца французскія ці нямецкія тэхналогіі, не выкарыстоўваюцца сродкі еўрапейскіх фондаў. Адзіны аргумент — гэта размяшчэнне паблізу літоўскай мяжы, — сказаў ён. — Была пэўная занепакоенасць з нагоды выкарыстанай тэхналогіі, забеспячэння мер бяспекі самой канструкцыі, мер бяспекі ў выпадку нейкіх праблем, а таксама выкарыстання вады з ракі для ахаладжэння рэактара. На гэтым этапе Беларусь пагадзілася на пэўныя працэдуры”.
Паводле слоў Здраеўскага, ЕЗ вельмі цяжка сказаць Беларусі спыніць будаўніцтва АЭС, таму што атамныя станцыі ёсць у Германіі і Францыі. У Літвы ў сувязі з будаўніцтвам АЭС ёсць прэтэнзіі як да Беларусі, так і да ЕЗ.
Дэпутат растлумачыў, што прэтэнзіі Літвы да ЕЗ заключаюцца ў тым, што Брусель не дазволіў ёй будаваць сваю атамную станцыю па прычынах бяспекі, але пры гэтым „не рэагуе на будаўніцтва АЭС за 30 км ад сваіх межаў”.
„Таму афіцыйныя каментары тычыліся толькі забеспячэння бяспекі тэхналогіі і спосабаў арганізацыі працы, каб гэта не пагражала ні Беларусі, ні яе суседзям”, — сказаў Здраеўскі.
belapan.by