Здзелка па куплі Алексіным польскага „Ідэя Банка” перанесена
Польскі холдынг Getin і беларускі «МТБанк», які належыць сям’і набліжанага да беларускіх уладаў бізнэсоўца Аляксея Алексіна, адклалі заключэнне здзелкі па продажы менскага «Ідэя Банка». Бакі падпісалі дадатак да ліста аб намерах, паведамляе прэс-служба польскага холдынгу, піша reform.by
Цяпер Getin і «МТБанк» плануюць заключыць дамову да 1 сакавіка.
Аб жаданні прадаць беларускі актыў польскі холдынг абвясціў у пачатку ліпеня 2020 года. У лістападзе палякі паведамілі, што Getin Holding падпісаў ліст аб намерах прадаць кантраляваны пакет акцый «Ідэя Банка» «МТБанку» або звязаным з ім асобам. Меркавалася прадаць амаль 100 працэнтаў акцый за 50 мільёнаў беларускіх рублёў. У пачатку студзеня Нацыянальны банк Беларусі выдаў дазвол на куплю «МТБанкам» пакета акцый «Ідэя Банка». Як растлумачылі ў самым Getin, аснова новага дакумента – пастанова Еўрапейскага парламента аб злоўжываннях на рынку. Верагодна, да магчымага пакупніка „Ідэя Банка” з’явіліся пытанні, уладальнікам МТБанка з’яўляецца ўплывовы беларускі бізнэсовец Аляксей Алексін. Нядаўна, з-за пагрозы трапіць пад еўрапейскія санкцыі, ён перапісаў долі ў сваіх кампаніях на сыноў. Аднак і такі крок не абавязкова выратуе яго ад трапляння ў „чорныя спісы” Еўразвязу.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: reform.by