Згодна са сцэнаром уладаў, да 2025 года курс даляра складзе 2,35 рубля
У найбліжэйшыя пяць гадоў курс даляра ў краіне штогод будзе расці на чатыры-пяць капеек. Такі сцэнар, паводле звестак БелаПАН, улады заклалі пры падрыхтоўцы прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2025 года.
Тэма эканамічнага развіцця на найбліжэйшыя гады ўздымалася на мінулым тыдні на пасяджэнні Рэспубліканскага клуба дырэктараў. Намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Ярашэвіч адзначыў, што цяпер вядзецца праца над падрыхтоўкай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця, рэалізацыя якой дазволіла б павялічыць ВУП да 100 млрд даляраў у 2025 годзе.
Адказваючы на пытанне прадстаўнікоў бізнесу падчас Рэспубліканскага клуба дырэктараў, які валютны курс будзе ў 2025 годзе, прадстаўнік Міністэрства эканомікі даў зразумець, што ў праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2025 года не плануецца закладваць істотную карэкціроўку валютнага курсу. „Там будзе нармальны курс”, — сказаў Ярашэвіч.
Паводле звестак БелаПАН, мэтавы сцэнарый сярэднетэрміновага развіцця, якога прытрымліваюцца цяпер улады, прадугледжвае, што ў 2025 годзе валавы ўнутраны прадукт дасягне 234,8 млрд рублёў і ў валютным эквіваленце складзе 100 млрд даляраў. Адпаведна, чакаецца, што ў 2025-м афіцыйны курс долара складзе каля 2,35 рубля.
У пачатку 2020 года афіцыйны курс даляра складаў 2,11 рубля і вырас з моманту дэнамінацыі, якая адбылася ў сярэдзіне 2016 года, прыкладна на 5%. Разам з тым з пачатку года курс даляра ў Беларусі вырас прыкладна на 3% на фоне росту курсу даляра ў Расеі.
Па стане на раніцу 10 лютага афіцыйны курс даляра складаў 2,18 рубля. На думку фінансавых аналітыкаў, рост курсу даляра ў пачатку года выкліканы сітуацыяй у Азіяцкім рэгіёне.
„Каранавірус прывёў да зніжэння патэнцыйнага попыту на азіяцкіх рынках. Адпаведна, цэны на нафту ў апошні час ідуць уніз і, як следства, даляр даражэе як у Расеі, так і ў Беларусі”, — растлумачыў БелаПАН дырэктар па развіцці „ФТМ Брокерс” Аляксандр Сабодзін.
Сёлета цана нафты маркі Brent знізілася з 67 даляраў да 57 даляраў за бараль, адзначыў у каментары БелаПАН старшы аналітык Forex Club Валерый Палхоўскі.
Між тым, паводле звестак БелаПАН, эканамічныя ўлады Беларусі прадказваюць стабільнасць валютнага курсу пры ўмове, што нафта ў найбліжэйшыя пяць гадоў на сусветным рынку будзе каштаваць не менш за 60 даляраў за бараль.
„У прынцыпе, аб’ектыўныя перадумовы, што нафта будзе знаходзіцца на гэтым узроўні і нават вышэйшым, існуюць. Буйныя нафтаздабыўныя дзяржавы кроўна зацікаўленыя ў росце цэн на нафту”, — адзначыў Палхоўскі.
Акрамя дынамікі сусветных цэн на нафту, мяркуюць аналітыкі фінансавага рынку, на ўстойлівасць курсу беларускага рубля будуць уплываць умовы імпарту ў краіну расейскіх энерганосьбітаў.
„Курс беларускага рубля залежыць ад сітуацыі ў плацежным балансе. Каб сітуацыя там была ў парадку, валютная выручка Беларусі павінна расці, а гэта магчыма толькі пры спрыяльных умовах паставак нафты і газу ў Беларусь”, — адзначыў Сабодзін у каментары БелаПАН.
У мінулую пятніцу Расея пагадзілася пастаўляць Беларусі газ у 2020 годзе на ўмовах (па цэнах) 2019 года. У той жа час перамовы аб умовах паставак расейскай нафты ў Беларусь працягваюцца.
belapan.by