Згодна з другой ацэнкай Белстата, ВУП у другім квартале знізіўся на 3,3%



Паводле другой ацэнкі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, ВУП Беларусі ў другім квартале 2020 года знізіўся на 3,3% і склаў 33,6 млрд рублёў.

Белстат ажыццявіў другую ацэнку ВУП за другі квартал трыма метадамі (вытворчым, выкарыстання даходаў і фарміравання ВУП па крыніцах даходаў).

„Апублікаваныя дадзеныя заснаваныя на афіцыйнай статыстычнай інфармацыі (агрэгаваных і экстрапаляваных першасных статыстычных дадзеных), адміністрацыйных дадзеных Міністэрства фінансаў аб выкананні бюджэту, актуалізаваных дадзеных плацежнага балансу Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь і іншых”, — растлумачылі ў статыстычным ведамстве.

Мінулая ацэнка ВУП вытворчым метадам з’яўлялася папярэдняй, паколькі грунтавалася на аператыўнай інфармацыі статыстычных абследаванняў, экспертных ацэнках і ўскосных разліках, адзначылі ў Белстаце.

У студзені 2020 года да аналагічнага перыяду 2019-га зніжэнне ВУП склала 1,9%, у студзені—лютым — 0,6%, студзені—сакавіку — 0,2%, студзені—красавіку — 1,3%, студзені—маі — 1,8%, студзені—чэрвені — 1,7%, студзені—ліпені — 1,6%, студзені—жніўні — 1,3%.

Афіцыйны прагноз уладаў на 2020 год прадугледжвае рост ВУП на 2,8%.

„Чакаецца зніжэнне ВУП Беларусі на 3,5% у 2020 годзе і рост на 1% ў 2021 годзе”, — гаворыцца ў апошнім аглядзе ЕБРР. Пры гэтым эканамісты банка бачаць у Беларусі „сур’ёзныя рызыкі пагаршэння сітуацыі, звязаныя з пандэміяй і палітычнымі ўзрушэннямі”.

belapan.by