Жыхар вёскі Далёкая: Жыццё практычна не змянілася – усё тое ж беспрасвецце
Пяць гадоў споўнілася аграгарадку ў вёсцы Далёкія. Нават у яго назве іронія, бо Далёкія знаходзяцца толькі ў 12 км ад Ліды. Кіраўніцтва аграгарадка з карэспандэнтам Радыё Рацыя падводзіць вынікі пяцігодкі адмовілася. Яшчэ 5 гадоў таму сюды праз гадзіну хадзілі маршруткі. Цяпер толькі ранішні дызель. Аграгарадок перажывае не лепшыя часы, хоць і быў створаны на тле ўнітарнага сельгаспрадпрыемства.
Кажа сябра Партыі БНФ Сяргей Сідарэнка:
– Лукашэнка сказаў, што вельмі шмат грошай тут уклаў. Каровы ў фекаліях як спалі, так і спяць, вакол бруд, няма платоў, асфальт па цэнтральных вуліцах не пакладзены. Узровень жыцця ў людзей які быў, такі і застаўся. Цячэ страха, расколіны паўсюль, няма гарачай вады. Даярка казала, што з сямі раніцы да сямі вечара працуе па калена ў фекаліях – і хто захоча працаваць у такіх умовах, ды за такія грошы, якія яны атрымліваюць? Ёсць у нас фермер. Дом у яго добры, дахоўка на даху. Жыве ён няблага – вялікія парнікі. Збіраецца працягваць справу бацькі.
У перавагах фермерскай гаспадаркі жыхароў Далёкіх, што засталіся, пераконваць ня трэба. Але сітуацыя для яе пашырэння неспрыяльная – не даюць тэхнікі пад лізінг, падаткі ўвесь час растуць, няма гарантаваных рынкаў збыту, – наракае Сяргей Сідарэнка.
Беларускае Радыё Рацыя