Жыхары Берасцейшчыны пра заробкі, цэны і беларускую эканоміку
За 20 год праўлення Лукашэнкі ў Беларусі адбылася ўжо трэцяя дэвальвацыя беларускага рубля. А з ёю – ўсе астатнія наступствы: рост валюты, рост цэнаў, знікненне імпартных тавараў, пагаршэнне якасці жыцця. Абсалютная бальшыня апытаных грамадзян устрывожаныя і не задаволена такім станам рэчаў:
– А я даляры не купляю, карыстаюся беларускімі “зайцамі”, ды і няма за што гэтыя даляры купляць. Што гэта за заробак – 3 мільёны?! Вады купіў, цукерак купіў – і ўсё.
– Блага. Дрэнная ў нас эканоміка. Сітуацыя нестабільная, цэны растуць.
– Такая палітыка ў дзяржавы. Канешне дрэнна, бо немагчыма даляры купіць. Хоць мы і не можам па 200-500 даляраў браць, але ж хаця б па 10-20, але і гэтага няма. А заробак увогуле не абяцаюць падвысіць у гэтым годзе.
Работнік аднаго з дзяржаўных банкаў бачыць у гэтым наступствы планавай эканомікі і прывязку нашай эканомікі да Расеі, якую зараз таксама ліхаманіць ад крызісу:
– Калі расейскі рубель будзе працягваць падаць, то ў нас курс даляра будзе падвышацца. Таму што 85% нашага экспарту ідзе ў Расейскую Федэрацыю. Крычым ужо многа гадоў, што трэба шматвектарнасць рабіць, знайсці новыя рынкі збыту… Прабачце, а хто яшчэ купіць нашую прадукцыю?
Крызіс у Беларусі будзе паглыбляцца, долар будзе расці, пагроза адсутнасці валюты не знікла, лічыць банкір.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота freelancejob.ru