Жыць па сродках і брацца за рэформы (абноўлена)
Як вядома, згоды ў пытаннях авіябазы і крэдыту не ўдалося дасягнуць падчас сустрэчы кіраўнікоў Беларусі і Расеі ў Маскве. Аднак абодва кіраўнікі краін высока ацанілі перамовы. „Адсутнасць дамоўленасці па найважнейшых пытанях пацвярджае слабасць Расеі,” – лічыць сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.
– Вынік перамоваў сведчыць і пра эканамічную слабасць Расеі, і пра тое, што Захад больш адкрыты ў эканамічным плане для Беларусі, бо вядуцца перамовы, у якіх прамым тэкстам гаворыцца, што магчыма атрыманне крэдытаў, нават у большых памерах, чым гэта можа прадставіць зараз Расеі, безумоўна з патрабаваннямі эканамічных рэформаў. Насамрэч не ведаем, пра што ішла размова паміж Лукашэнкам і Пуціным, гэта інфармацыя закрытая ад грамадскасці, але я думаю, што ўсё ж такі было патрабаванне размяшчэння вайсковых баз на тэрыторыі Беларусі і гэта была ўмовай для выдачы крэдытаў.
21 снежня адбудзецца яшчэ адна сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Расеі. Гэтым разам у межах саміту Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Расейская эканоміка ў крызісе — значыць, Беларусі патрэбныя эканамічныя і палітычныя пераўтварэнні. Пра гэта піша палітолаг Алесь Чайчыц.
Аляксандр Лукашэнка вярнуўся з Масквы без крэдыту — але і без абавязальніцтваў размяшчаць расейскую вайсковую базу.
Афіцыйны Менск не хоча пускаць авіябазу, а Масква не можа даць Менску грошай.
Насуперак усім прагнозам і спадзяванням, сусветная цана на нафту, лёсавызначальная для расейскай эканомікі лічба, знізілася да ўзроўню 2008 года. Расейскі рубель імкліва падае адносна замежных валютаў.
Эканоміка Расеі згортваецца. У 2016 годзе Крамлю будзе ўсё складаней як дапамагаць афіцыйнаму Менску, так і раскручваць антырэжымныя прарасейскія групоўкі, каб яны сталіся сапраўднай пагрозаю, – зазначае Алесь Чайчыц.
Для афіцыйных беларускіх уладаў гэта азначае толькі адно: неабходна жыць па сродках і брацца за даўно назрэлыя рэформы.