Жыццё ў калгасах так і не стала заможным
Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы ў Беларусі ў большасці сваёй стратныя. Хоць грошай укладаецца ў гэтую галіну вельмі шмат. Тым не менш за гады праўлення Аляксандра Лукашэнкі жыццё калгаснікаў так і не стала заможным, а сама вёска і праца ў калгасах не сталі прывабнымі. Кажуць работнікі сельгаспрадпрыемства “Бярозаўскае”:
– Праца вельмі цяжкая ў нас. Суткамі пасвім, а зімой упраўляемся ў кароўніку. Самі ж грузім, бо няма грузчыкаў.
– Чацвёра дзяцей. Камуналку заплаціць, дзяцей пракарміць. І дапамогу на дзіцяці адмянілі. Нічога ільготнага няма. Два мільёны, а плюс пенсія па страце кармільца – тры. Але што ад гэтага мільёна? А кожнаму боты купіць, якія менш за 500 тысяч не каштуюць, а ў школу сабраць?
– Мой тата – трактарыст. Заробак – 1 мільён 800 тысяч.
– Поспехі ў нас. Лепшых не трэба! Заробак – мінімальны, 2 мільёны. Мільён – ЖКГ, а за што жыць?..
Нізкія заробкі, дрэнныя сацыяльныя ўмовы, цяжкая праца і бяспраўнае становішча чалавека, які працуе на зямлі, робяць непрыцягальнай вёску для маладых людзей. Таму вяскоўцы ўпэўнены: перспектыў у калгасаў няма.
Беларускае Радыё Рацыя