Змена заканадаўства аб адвакатуры негатыўна паўплывае на інвестыцыйны імідж Беларусі



Прыняцце законапраекта „Аб змяненні законаў па пытаннях адвакацкай дзейнасці” негатыўна адаб’ецца на інвестыцыйным іміджы Беларусі, гаворыцца ў лісце Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі (БНПА) у Палату прадстаўнікоў.

Дэпутаты 16 красавіка прынялі ў першым чытанні змены ў згаданы закон. Аўтары ліста звяртаюць увагу, што, згодна з законапраектам, адвакаты змогуць аказваць прававую дапамогу толькі ў складзе юрыдычнай кансультацыі.

Між тым сябры юрыдычнага савета БНПА мяркуюць, што „пазбаўленне адвакатаў права аказваць юрыдычную дапамогу ў складзе юрыдычных бюро, а таксама індывідуальна адаб’ецца на інвестыцыйным клімаце Рэспублікі Беларусь, што будзе мець вынікам памяншэнне інвестыцый і з-за гэтага прычыніць шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам”.

Аўтары ліста адзначаюць, што для замежнага бізнесу важная юрыдычная падтрымка адвакацкімі/юрыдычнымі фірмамі, супрацоўнікі якіх працуюць суладнай камандай і могуць вырашыць любыя задачы кліента.

„Усё гэта забяспечваецца ў адвакацкіх бюро адзінымі карпаратыўнымі прынцыпамі і стандартамі працы, унутранай іерархіяй, падпарадкаванасцю кіраўніку, ужо набытым вопытам і практыкай. Відавочна, што юрыдычныя кансультацыі, толькі ў межах якіх праектам закона прапануецца ажыццяўляць дадзеную працу, не будуць здольныя спраўляцца з такога роду праектамі”, — падкрэсліваецца ў звароце БНПА.

На думку бізнес-саюза, пазбаўленне замежнага бізнесу звыклага і зразумелага ўзроўню юрыдычнай падтрымкі ў асобе адвакацкіх бюро стане „як істотнай перашкодай для прыходу замежных інвестараў, так і магутным негатыўным фактарам для ўжо існай у Беларусі яго актыўнасці, што выкліча адток замежных інвестыцый”.

Аўтары звароту просяць пастаянную камісію па пытаннях эканамічнай палітыкі Палаты прадстаўнікоў не прымаць арт. 29 законапраекта „Аб змяненні законаў па пытаннях адвакацкай дзейнасці” ў прапанаванай рэдакцыі. „Гэта адпавядала б і міжнароднай практыцы арганізацыі дзейнасці адвакатуры, у тым ліку і ў Расейскай Федэрацыі, дзе прадугледжаныя пяць формаў арганізацыі дзейнасці адвакатаў”, — падкрэсліваецца ў лісце БНПА.

БелаПАН