Зміцер Кучук: БелАЭС наўрад ці гатовая да запуску
У Вільні адбыўся мітынг супраць запуску Астравецкай АЭС, якая пабудавана побач са сталіцай Літвы, менш чым у 50 кіламетрах. Мерапрыемства прайшло з удзелам цяперашняга кіраўніка краіны Гітанаса Наўседы і былога – Вітаўтаса Ландсбергіса. У прыватнасці, прэзідэнт Літвы заявіў, што кіраўніцтва краіны зробіць усё магчымае, каб праца АЭС была эканамічна неэфектыўнай і невыгоднай.
А тым часам з’явіліся паведамленні, што першы блок АЭС можа запрацаваць у пачатку жніўня, яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.
Па словах старшыні беларускай партыі „Зялёныя” Змітра Кучука, самае цікавае, што гэтая інфармацыя сыходзіць не ад уладаў Беларусі, а ад “Росатома”:
– “Росатом” з’яўляецца расейскай кампаніяй, наколькі яна ўпаўнаважана каментаваць сітуацыю з беларускай АЭС і даваць нейкія звесткі? Я думаю, што тут мусіць умешвацца беларускі рэгулятар, які мусіць ацаніць усе рызыкі па запуску. Тым больш, што з’явілася інфармацыя, што знікла дакументацыя па атамнай станцыі, якую таксама трэба ацаніць як міжнародным экспертам, так і Мінэнерга, а гэтыя пустаслоўныя заявы “Росатома” не вытрымліваюць ніякай крытыкі.
Калі дакументацыя па Астравецкай АЭС не будзе прадстаўлена ў поўным аб’ёме, калі не будзе рэакцыі з боку беларускага рэгулятара, то запускаць станцыю яшчэ рана. Тым больш, што яна наўрад ці гатовая да запуску, – кажа Зміцер Кучук.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск